Старт выбарчай кампаніі на Салігоршчыне незаўважны
Два тыдні таму прэзідэнцкім указам аб прызначэнні даты правядзення чарговых парламенцкіх выбараў быў дадзены старт найбуйнейшай палітычнай падзеі году, аднак на грамадскім жыцці і інфармацыйным полі Салігоршчыны гэтая падзея амаль ніяк не адбілася.
Мясцовыя сродкі масавай інфармацыі паспелі адрапартаваць аб прызначэнні даты чарговых выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на 11 чэрвеня, але больш ніякай інфармацыі на гэту тэму ў салігорскіх медыях так і не з’явілася. Ні раскладаў палітычных сіл на старце перадвыбарчай гонкі, ні абмеркавання дасягненняў пакуль яшчэ дзеючых дэпутатаў напрыканцы іх кадэнцыі жыхары рэгіёну ў мясцовых медыях дагэтуль не пабачылі. Зрэшты, як сведчыць практыка і некаторыя апытанні ў сацыяльных сетках, прозвішчы дэпутатаў ад Салігоршчыны ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання мала хто ведае. Калі ж асвятленне выбараў працягнецца гэткімі ж тэмпамі, дык прозвішчы і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шосткага склікання запомняць ня многія.
З іншага боку, нават асноўныя палітычныя сілы рэгіёна пакуль толькі вызчначаюцца са стратэгіяй на выбары. Кропкавае ж з’яўленне ў горадзе налепак партыі АГП ці спробу зладзіць мітынг з нагоды Ўсенароднага сходу мясцовым сябрам БХД назваць гучным стартам выбарчай гонкі пакуль не выпадае.