Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Тэма выбараў для раённых газет Магілёўшчыны не з’яўляецца актуальнай

Прайшло два тыдні з дня прызначэння выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, аднак раённыя газеты Магілёўскай вобласці не надаюць гэтай падзеі практычна ніякай увагі.

Абсалютная большасць раёнак абмежаваліся тым, што змясцілі на сваіх старонках стандартныя паведамленні ЦВК аб прызначэнні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага склікання на 11 верасня і аб правядзенні выбараў членаў Савета Рэспублікі ў перыяд з 18 чэрвеня па 18 верасня 2016 года. Некаторыя з раёнак таксама далі невялікую інфармацыю аб стварэнні 13 выбарчых акруг у Магілёўскай вобласці і аб тым, у склад якой акругі уваходзіць раён.

Да гэтага часу на большасці інтэрнэт-сайтаў раённых газет Магілёўшчыны няма нават адмысловых банераў “Выбары-2016”, націснуўшы на якія, можна было б даведацца аб навінах перадвыбарчай кампаніі ў раёне, вобласці і краіне. У прыватнасці, па стане на 20 чэрвеня адсутнічаюць такія банеры на сайтах 12 раёнак Магілёўскай вобласці з 21 існуючай (Глускага, Горацкага, Дрыбінскага, Касцюковіцкага, Клічаўскага, Краснапольскага, Крычаўскага, Круглянскага, Асіповіцкага, Хоцімскага, Чавусаўскага і Чэрыкаўскага раёнаў).

Тыя ж раённыя газеты, якія размясцілі на сваіх інтэрнэт-старонках адмысловыя банеры з пазнакай”Выбары-2016”, з дапамогай іх, у асноўным, перанакіроўваюць сваіх чытачоў на адмысловыя старонкі інтэрнэт-сайта Магілёўскага аблвыканкама, сайта прэзідэнта Рэспублікі Беларось альбо інтэрнэт-сайта Белта. Нейкую пашыраную інфармацыю аб парламенцкіх выбарах 2016 года года можна знайсці па адпаведнай спасылцы толькі на інтэрнэт-сайце быхаўскай раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”.

Асноўная тэма, якая зараз прысутнічае на старонках практычна ўсіх раённых газет Магілёўшчыны – гэта матэрыялы аб “лёсавызначальным” “5-м Усебеларускім народным сходзе”, інтэрв’ю з яго дэлегатамі, апытанні жыхароў раёнаў наконт надзвычайнай важнасці гэтага мерапрыемства і г. д. Шмат увагі надаецца таксама тэме нарыхтоўкі травяных кармоў, “Купаллю” у Александрыі і інфармаванню аб маючай адбыцца ў хуткім часе дэнамінацыі беларускага рубля, а таксама заклікам як мага хутчэй падпісацца на адпаведную раёнку, бо менавіта зараз праходзіць падпісная кампанія на 2-е паўгоддзе 2016 года.

Дзякуючы таму, што раённыя газеты фактычна не змяшчаюць на сваіх старонках матэрыялаў пра парламенцкія выбары-2016, многія з жыхараў сельскіх раёнаў Магілёўшчыны нават не здагадваюцца пра тое, якая лёсавызначальная падзея адбудзецца 11 верасня 2016 г.

У адрозненне ад інтэрнэт-сайтаў раённых газет, усе інтэрнэт-рэсурсы райвыканкамаў Магілёўскай вобласці інфармуюць выбаршчыкаў пра парламенція выбары 2016 года, на іх створаны адмысловыя рубрыкі, прысвечаныя гэтай тэматыцы. Аднак неабходна адзначыць, што наведвальнасць інтэрнэт-сайтаў райвыканкамаў Магілёўскай вобласці ў параўнанні з чытацкай аўдыторяй раёнак вельмі невялікая.

Адзіная зарэгістраваная недзяржаўная газета дэмакратычнага накірунку ў рэгіёнах Магілёўшчыны – горацкая газета “Узгорак”, - змясціла на сваіх старонках інфармацыю аб прызначэнні выбараў у Палату прадстаўнікоў на 11 верасня, а таксама распавяла пра змяншэнне колькасці выбаршчыкаў у Горацкай выбарчай акрузе №82.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары