Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Брэсцкай вобласці істотна змянілася колькасць выбаршчыкаў па акругах

У чатырох з 16-ці выбарчых акругаў у Брэсцкай вобласці колькасць выбаршчыкаў павялічылася ў параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі. Найбольш істотна гэты паказчык змяніўся ў Баранавіцкай-Заходняй акрузе №5, дзе людзей, што маюць права ўдзельнічаць у галасаванні, зараз больш на 4886 чалавек.

У той жа час у Баранавіцкай сельскай акрузе №7 (яна аб’ядноўвае жыхароў Баранавіцкага, Ляхавіцкага і частцы Ганцавіцкага раёнаў) колькасць выбаршчыкаў зменшылася на 7282 чалавек. Таксама заўважна скарацілася гэтая лічба ў Пінскай гарадской акрузе №14 – на 5170 чалавек, у Івацэвіцкай акрузе №11 (акрамя Івацэвіцкага раёну, яе складае частка Бярозаўшчыны) – на 4686 чалавек, у Бярозаўскай акрузе №9 (складаецца з Пружанскага раёна і часткі Бярозаўскага) – на 4122 чалавекі. Варта заўважыць, што гэтыя лічбы - папярэднія і будуць удакладняцца сябрамі выбарчых камісіяў пасля іх стварэння.

Да іншых асаблівасцяў цяперашняй выбарачай кампаніі ў Брэсцкай вобласці варта аднесці змены, што адбыліся ў месцы знаходжання акруговых выбарчых камісій. Як і на папярэдніх парламенцкіх выбарах 2012 года, у Брэсце створаны чатыры акругі, у Баранавічах – тры, у Пінску – дзве. Аднак калі чатыры гады таму акруговыя выбарчыя камісіі акругаў №9 і №10 знаходзіліся адпаведна ў Пружанах і Драгічыне, дык сёлета акруговая выбарчая камісія №9 будзе месціцца ў Бярозе, а выбаркам акругі №10 – у Іванава.        

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары