Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Крычаўскім раёне да выбараў узмацняюць “Белую Русь” (тэкст распараджэння)

У пачатку траўня гэтага года кіраўнікі структурных падраздзяленняў ААТ “Крычаўцэменташыфер” атрымалі ўказанне ад намесніка генеральнага дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай працы, сацыяльных пытаннях і кадрах Жанны Кустрэй тэрмінова азнаёміцца са статутам ГА “Белая Русь” і пасля гэтага падаць заявы на ўступленне ў арганізацыю.

Інфармацыя аб своеасаблівым спосабе пашырэння шэрагаў праўладнай грамадскай арганізацыі прадастаўлена супрацоўнікамі прадпрыемства. Па іх словах, распараджэнне Жаны Кустрэй распаўсюджвалася на ААТ “Крычаўцэменташыфер” праз электронныя носьбіты інфармацыі.

У прыватнасці, у сваім распараджэнні намесніца генеральнага дырэктара напісала: “Усім начальнікам цэхаў, намеснікам начальнікаў цэхаў, майстрам, начальнікам аддзелаў, галоўным спецыялістам ААТ “Крычаўцаменташыфер” у абавязковым парадку азнаёміцца з Статутам пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Хто не напісаў заяву на ўступ у члены пярвічнай арганізацыі, сёння 02.05.2016 да канца дня заявы прадставіць у прыёмную ў абавязковым парадку. Статут, форма заявы, праграма арганізацыі размешчаны на дыску “Т””.

Па меркаванню грамадскіх актывістаў Крычаўскага раёна, ідэолагі адмыслова ў загадным парадку павялічваюць колькасць чальцоў праўладнай грамадскай арганізацыі на найбуйнейшым прадпрыемстве раёна напярэдадні старта кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Неабходна адзначыць, што раённую арганізацыю РГА “Белая Русь” у Крычаўскім раёне ўзначальвае намесніца старшыні Крычаўскага райвыканкама па ідэалогіі Жана Дмітрыева. Згодна сваіх службовых абавязкаў, Жана Васільеўна якраз і курыруе ў раёне арганізацыю выбараў і рэферэндумаў.

Крычаўскі раён падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ўвайшоў у склад Крычаўскай выбарчай акругі №83, куды таксама ўваходзяць Клімавіцкі, Хоцімскі і Чэрыкаўскі раёны. Усяго ў акрузе 64 498 выбаршчыкаў.

Па звестках мясцовых актывістаў, у якасці дэмакратычнага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 будзе вылучацца прадстаўнік Партыі БНФ з Хоцімска Валерый Каранкевіч.

Валерый Каранкевіч удзельнічаў у парламенцкіх выбарах 2012 года ў якасці кандыдата ў гэтай жа акрузе, тады яго супернікам ад улады выступаў цяперашні старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Пасля свайго прызначэння старшынёй Гродзенскага аблвыканкама дэпутат Краўцоў наведаў сваіх выбаршчыкаў у Магілёўскай вобласці лічаныя разы.

Пакуль дакладна невядома, хто будзе кандыдатам у дэпутаты ад улады ў Крычаўскай выбарчай акрузе №83 падчас гэтай выбарчай кампаніі. Крычаўскія,клімавіцкія, хоцімскія і чэрыкаўкія актывісты таксама не маюць інфармацыі, ці плануюць вылучацца па іх выбарчай акрузе прадстаўнікі іншых дэмакратычных арганізацый, акрамя вылучэнца ад Партыі БНФ.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары