Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Шклоў: чакаецца суперніцтва паміж вылучэнцамі дэмакратычных палітычных суб'ектаў

Прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый пачалі працэс падрыхтоўкі да вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ў Шклоўскай выбарчай акрузе №90.

Па стане на 15 чэрвеня дакладна вядома, што ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад кампаніі “Гавары праўду” у гэтай акрузе будзе вылучацца індывідуальны прадпрымальнік з Бялыніч Пётр Шымбалёў. Актывіст збіраецца вылучацца кандыдатам у дэпутаты шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. Па словах самога Пятра Шымбалёва, ужо зараз падрыхтаваны спіс ініцыятыўнай групы па яго вылучэнню кандыдатам. Аснову спіса склалі дэмакратычныя актывісты з г. Бялынічы, аднак у ім ёсць і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў. Прэтэндэнт у кандыдаты лічыць, што яго ініцыятыўная група здолее сабраць дастатковую колькасць подпісаў для яго вылучэнне ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

У якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 збіраецца вылучацца намеснік старшыні ПБНФ, жыхар Шклова Рыгор Кастусёў. Рыгор Кастусёў плануе стаць кандыдатам шляхам вылучэння на партыйным з’ездзе, правядзенне якога запланаванае на 23 ліпеня. Збіраць дадаткова да гэтага подпісы выбаршчыкаў палітык не плануе, бо ён ужо неаднаразова вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў менавіта па Шклоўскай выбарчай акрузе №90, таму лічыць, што людзі тут добра ведаюць яго асабіста і яго погляды.

Актывістка партыі “Справядлівы свет” з Круглага Зінаіда Мілешчанка, якая была кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на парламенцкіх выбарах 2012 года, зараз прыняла рашэнне не ўдзельнічаць у выбарах. Спадарыня Мілешчанка кажа, што апошнія гады прадстаўнікі “Справядлівага света” у рэгіёне не праяўлялі нейкай значнай актыўнасці, яна не адчувала падтрымкі з боку партыйнай арганізацыі, таму не бачыць сэнсу ісці на выбары кандыдатам у дэпутаты.

Пра намер вылучыць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па ўсіх 110 акругах у краіне заявіла і кіраўніцтва Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, аднак дэмакратычныя актывісты Шклова, Круглага і Бялыніч не маюць ніякай інфармацыі пра хоць якую-небудзь дзейнасць прадстаўнікоў ЛДПБ у рэгіёне.

Па звестках дэмакратычных актывістаў бялыніччыны, у якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання ўлады палануюць вылучыць дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Агеева. Аляксандр Віктаравіч ужо даўно з’яўляецца пенсіянерам па ўзросце, да абрання дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ён працаваў намеснікам старшыні КДК Беларусі, а яшчэ раней узначальваў міністэрства энергетыкі. Дарэчы, зараз Аляксандр Агееў абраны ўдзельнікам “5 Усебеларускага народнага сходу” ад Бялыніцкага раёна, а адным з прадстаўнікоў ад Шклоўшчыны на сходзе будзе сам кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.

Зараз да 24 чэрвеня працягваецца прыём дакументаў па вылучэнню прадстаўнікоў у склад Магілёўскай абласной і акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Прыхільнікі вылучэння Пятра Шымбалёва сваіх прадстаўнікоў у склад Шклоўскай акружной выбарчай камісіі вылучаць пакуль не плануюць, сябры БНФ у рэгіёне кажуць, што цалкам магчыма вылучэнне прадстаўніка арганізацыі ў склад гэтай камісіі, аднак пытанне яшчэ канчаткова не вырашана.

У склад Шклоўскай выбарчай акрузе №90 уваходзяць Бялыніцкі, Круглянскі, Шклоўскі раёны, частка Магілёўскага раёна ў межах Пашкаўскага сельсавета і частка Ленінскага раёна горада Магілёва. У параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2012 года ў гэтай акрузе значна зменшылася колькасць выбаршчыкаў, калі ў 2012 годзе тут налічвалася 64 065 выбаршчыкаў, то ў 2016 толькі 60 731.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары