Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Некаторыя раённыя СМІ Віцебшчыны да гэтага часу не паведамілі пра прызначэнне выбараў

Толькі палова “раёнак” Віцебскай вобласці размясцілі на сваіх сайтах інфармацыю пра будучыя выбары ў Палату прадстаўнікоў.

Інфармаванне выбаршчыкаў пра іх права ўзяць удзел у выбарах 11 верасня ўзялі на сябе афіцыйныя сайты райвыканкамаў. На кожным з іх з’явілася адмысловая рубрыка, дзе размяшчаюцца дакументы і звесткі пра падзею агульнадзяржаўнага маштабу. На большасці сайтаў прысутнічаюць  указ пра прызначэнне даты выбараў і ўдакладненні межаў выбарчых акругаў на тэрыторыі раёна. Аднак ёсць прыклады і больш поўнага інфармавання выбаршчыкаў. Прыкладам, на сайце Гарадоцкага райвыканкама – ажно 9 спасылак на рознага кшталту інфармацыю пра выбары, у тым ліку на адмысловы рэспубліканскі інтэрнэт-рэсурс “Выборы -2016”. А таксама Каляндарны план выбарчай кампаніі. Дарэчы, ен ёсць і на 8-мі сайтах райвыканкамаў іншых рэгіёнаў.

Што да раённых газет, то з 21-го раёна Віцебшчыны адмысловую рубрыку займелі толькі 12 інтэрнэт-сайтаў  мясцовых СМІ (па стане на 14 чэрвеня). Яшчэ некалькі “раёнак” размяшчаюць на сваіх інтэрнэт-старонках звесткі пра выбарчую кампанію, аднак не вылучаюць іх у асобны тэматычны раздзел. Але цэлы шэраг «раёнак» Віцебшчыны не закранае тэму выбараў увогуле. Сярод іх – “Чырвоны прамень” (Чашнікі),  “Дзвінская праўда” (Верхнядзвінск), “Дняпроўская праўда” (Дуброўна), дзе няма не тое што інфармацыі пра будучыя выбары ў Палату прадстаўнікоў, але нават паведамлення, што прэзідэнцкім указам яны прызначаны на 11верасня.

Ігнаруючы тэму агульнадзяржаўнага значэння, усе без выключэння “раёнкі” актыўна пішуць пра 5-ты Агульнабеларускі нацыянальны сход.

Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік бачыць пэўную супярэчнасць у тым, што мясцовыя СМІ надаюць выбарчай тэматыцы няшмат увагі, але Віцебская вобласць штораз дэманструе высокі паказнік яўкі выраршчыкаў:
“Я неаднаразова заўважаў, што цягам выбарчых кампаній апошняга часу на Віцебшчыне  ў значнай ступені выкарыстоўваецца так званы адміністрацыйны рэсурс. Інакш кажучы, людзей “заганяюць” на выбары, асабліва ў сельскай мясцовасці,  і вобласць аказваецца на першым або другім месцы па яўцы выбаршчыкаў. А ў такіх умовах, калі існуе загад  “забяспечыць яўку”, то неістотнай робіцца роля СМІ – бо нічога не залежыць ад інфармаванасці насельніцтва. І тое, што раённы друк не прыкладае асаблівых намаганняў, каб паведамляць чытачам хаця б пра прызначэнне даты выбараў або каляндарныя этапы выбарчай кампаніі, ёсць ускоснай прыкметай таго, што вынік гэтай кампаніі мала залежыць ад грамадзянскай актыўнасці простых беларусаў”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары