Улады ўгледзелі ў грамадскай кампаніі ў абарону маладых дрэваў палітычны піяр напярэдадні выбараў
Яшчэ не зарэгістраваны ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, не створаны нават выбарчыя камісіі, а гомельскія ўлады ўжо пачалі інфармацыйны наступ на магчымых кандыдатаў, і нават на тых актывістаў, хто не збіраецца балатавацца ў парламент. Так, у Гомелі з вясны распачата грамадская кампанія «Абаронім зялёныя вуліцы Гомеля разам!», удзел у якой прымаюць шэраг рухаў, ініцыятыў і неабыякавыя грамадзяне, якія выступаюць супраць ліквідацыі маладых дрэў на вуліцы Пралетарскай пры пашырэнні праезджай часткі і будаўніцтва падземных пераходаў на плошчы Леніна. Актывісты кампаніі правялі пэўную працу і высветлілі, што будаваць падземныя пераходы на плошчы Леніна – парушэнне заканадаўства. Уся тэрыторыя плошчы Леніна з’яўляецца ахоўнай зонай «гомельскай пярліны» - Палацава-паркавага ансамблю. У межах ахоўнай зоны забаронена будаўніцтва якіх-небудзь аб’ектаў.
Разам з тым, мясцовая газета «Гомельскія ведамасці», заснавальнік якой – гарвыканкам, пайшла ў наступ на актывістаў, якія выступілі супраць падземных пераходаў на плошчы, і абвінаваціла іх у «палітычным піяры». А абарону плошчы як часткі Палацава-паркавага ансамблю аўтар артыкулу назваў «штучна створанай бурай у шклянцы вады». «Міжволі напрошваецца думка аб тым, што ўся гэта шуміха вакол падземных пераходаў (якія, паўтаруся, толькі ў перадпраектнай стадыі) – частка прадуманай піяр-кампаніі напярэдадні важнай палітычнай падзеі краіны. Падобныя стратэгіі – ужо не навіна», - даводзіць аўтар артыкулу.
Цікава, што як мінімум адзін з удзельнікаў кампаніі па абароне дрэў і плошчы Леніна нават не марыў і не думаў пра ўдзел у выбарах. Так, гомельскі каардынатар грамадскай кампаніі «Наш дом» Андрэй Аксёнаў, прачытаўшы артыкул, узгадаў «старыя добрыя часы», калі «такія штампаваныя артыкулы з’яўляліся з нагоды чаго толькі заўгодна — калі праяўлялася хоць нейкая мінімальная актыўнасць людзей, суцэльныя трафарэты, якія накладаюцца на што заўгодна, і ўсе мяшаецца ў адну кучу».
«Магчыма, што будуць дэмакратычныя кандыдаты, якія звернуць увагу на дадзеную праблему. Магчыма, нехта з кампаніі «Абаронім зялёныя вуліцы Гомеля» і будзе спрабаваць балатавацца, але што тычыцца мяне асабіста — то лічу, што немагчыма ўдзельнічаць у тым, чаго няма. Гэта тое самае, што іграць у хакей з прэзідэнтам, што значыць іграць па яго правілах. Мы вырашаем праблемы, калі да нас паступае сігнал ад людзей, просьба аб дапамозе, як было ў дадзеным выпадку. І такая наша пазіцыя, наша праца ўжо не першы год у Гомелі. А што тычыцца выбараў – я лічу, што ў гэтым шоу лепш не ўдзельнічаць», - патлумачыў Андрэй Аксёнаў.