Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У сельскіх выбарчых акругах Магілёўскай вобласці значна зменшылася колькасць выбаршчыкаў

Як і падчас парламенцкіх выбараў 2012 года, у 2016 годзе пастановай ЦВК у Магілёўскай вобласці створана трынаццаць выбарчых акруг па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Акруговыя выбарчыя камісіі ва ўсіх выбарчых акругах Магілёўшчыны будуць размяшчацца па тых жа адрасах, што і падчас выбарчай кампаніі 2012 года.

Разам з тым у шэрагу сельскіх выбарчых акруг Магілёўшчыны адбыліся пэўныя тэрытарыяльныя змены. Так, змяніла свае межы Бабруйская сельская выбарчая акруга №80, куды зараз цалкам уваходзіць Кіраўскі раён ( у 2012 годзе ў склад гэтай акругі ўваходзіла толькі тры яго сельсаветы, аднак тады ў ёй цалкам знаходзіўся Глускі раён).

У Крычаўскую выбарчую акругу №83 да Крычаўскага, Клімавіцкага і Хоцімскага раёнаў, якія ўваходзілі ў склад акругі ў 2012 годзе, у 2016 годзе дадаткова дадаўся яшчэ і Чэрыкаўскі раён. На думку экс-кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 на парламенцкіх выбарах 2012 года Валерыя Каранкевіча, улады вымушаны былі пайсці на гэты крок з-за рэзкага змяншэння агульнай колькасці выбаршчыкаў у гэтым рэгіёне на ўсходзе Беларусі.

Змяніла свае межы і Магілёўская сельская выбарчая акруга  №88, зараз у яе ўваходзяць Чавускі раён, Магілёўскі раён (за выключэннем Пашкаўскага сельсавета) і частка Ленінскага раёна горада Магілёва. Чэрыкаўскі раён, які ўваходзіў у склад гэтай акругі ў 2012 годзе, як пісалася вышэй, будзе знаходзіцца ў складзе Крычаўскай выбарчай акругі №83.

Асіповіцкая выбарчая акруга №89 таксама змяніла свае межы. У 2016 годзе ў яе склад увайшлі  Глускі, Клічаўскі і Асіповіцкі раёны. Падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 2012 годзе Глускага раёна ў складзе гэтай выбарчай акругі не было, аднак у яе ўваходзіла частка тэрыторыі Кіраўскага раёна разам з горадам Кіраўск.

Практычна засталіся тэрытарыяльна нязменнымі ў параўнанні з 2012 годам Быхаўская выбарчая акруга №81, Горацкая выбарчая акруга №82 і Шклоўская выбарчая акруга №90. Разам з тым у гэтых сельскіх выбарчых акругах у 2016 годзе ў параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2012 года значна зменшылася агульная колькасць выбаршчыкаў.

У склад Быхаўскай выбарчай акругі №83, як і ў 2012 годзе, уваходзяць Быхаўскі, Слаўгарадскі, Краснапольскі і Касцюковіцкі раёны. Аднак, калі ў 2012 годзе ўлады налічылі ў акрузе 62 577 выбаршчыкаў, у 2016 годзе іх засталося толькі 58 610.

Яшчэ больш зменшылася агульная колькасць выбаршчыкаў у Горацкай выбарчай акрузе №82, куды ўваходзяць Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны.  У 2012 годзе ў акрузе было 60 912 выбашчыкаў, у 2016 – 55 472, т. ё за чатыры гады колькасць выбаршчыкаў у акрузе №82 зменшылася на 5 440 чалавек.

У Шклоўскай выбарчай акрузе №90, у якую ўваходзяць Бялыніцкі, Круглянскі, Шклоўскі раёны, частка Магілёўскага раёна ў межах Пашкаўскага сельсавета і частка Ленінскага раёна горада Магілёва, таксама адбылося змяншэнне колькасці выбаршчыкаў у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2012 года. У 2012 годзе ў акрузе налічвалася 64 065 выбаршчыкаў, у 2016 – 60 731.

Неабходна адзначыць, што пакуль нейкай вялікай перадвыбарчай актыўнасці ў сельскіх выбарчых акругах Магілёўшчыны не назіраецца. Раённыя газеты змясцілі на сваіх старонках стандартныя паведамленні ЦВК аб прызначэнні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь   шостага склікання на 11 верасня і аб правядзенні выбараў членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ў перыяд з 18 чэрвеня па 18 верасня 2016 года. Некаторыя з раёнак таксама далі невялікую інфармацыю аб стварэнні 13 выбарчых акруг у Магілёўскай вобласці.

 На дадзены момант дакладна вядома, што ў шэрагу сельскіх выбарчых акруг Магілёўскай вобласці, акрамя праўладных, збіраюцца вылучацца альтэрнатыўныя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У прыватнасці, у некаторых з сельскіх акруг сваіх кандыдатаў у дэпутаты плануюць вылучыць Партыя БНФ, кампанія “Гавары праўду” і “Правая кааліцыя”, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Руху “За свабоду”, АГП і аргкамітэта па стварэнні партыі БХД. Сваіх прадстаўнікоў плануе вылучаць і ЛДПБ.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары