Правацэнтрысцкая кааліцыя на парламенцкіх выбарах будзе прадстаўлена 95 кандыдатамі
Партыя БХД, Партыя АГП і Рух за свабоду 10 чэрвеня заявілі аб аб’яднанні сваіх сілаў ў Правацэнтрысцкую кааліцыю для ўдзелу ў будучых парламенцкіх выбарах.
Прадстаўнікі кааліцыі першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявілі пра 95 агульных кандыдатаў, якія будуць прадстаўляць Правацэнтрысцкі блок.
“Мы ўлічваем досвед папярэдніх выбарчых кампаній, калі адным з самых слабых месцаў, на якое можа ціснуць улада, каб незарэгістраваць кандыдата, з’яўлялася падача падпісных лістоў у выбарчыя камісіі і не прызнанне гэтых подпісаў сапраўднымі. Зараз мы маем магчымасць вылучаць нашых кандыдатаў ад палітычных партыяў. З трох структураў рэгістрацыю і такое права мае Партыя АГП, якая будзе падстрахоўваць і падтрымліваць кандыдатаў сваім партыйным рашэннем”, - распавёў падчас прэс-канферэнцыі Юрась Губарэвіч.
Акрамя таго, усе кандыдаты будуць арыентавацца на збор подпісаў, і па папярэдніх ацэнках кааліцыі можа быць сабрана агулам ад 50 да 100 тысячаў подпісаў за ўсіх кандыдатаў. Як лічаць прадстаўнікі кааліцыі, збор подпісаў – добры падмурак на першым этапе выбарчай кампаніі, бо ў тым ліку ўключае актыўную камунікацыю непасрэдна з выбаршчыкамі.
Пры гэтым яны не падзяляюць кандыдатаў, а плануюць супольна адказваць за кожнага, хто будзе ўдзельнічаць у выбарах ад іх.
На тых акругах, дзе будуць вылучацца найбольш моцныя кандыдаты, правацэнтрысцкая кааліцыя плануе праводзіць назіранне, каб зрабіць відавочным той факт, што супраць іх кандыдатаў адбываюцца фальсіфікацыі. Таму яны заклікаюць ўсіх ахвочых далучыцца да назірання, бо хутчэй за ўсё прадстаўнікі арганізацыйных структур кааліцыі не будуць уключаныя ў спісы сябраў участковых выбарчых камісій.
Анатоль Лябедзька адзначыў, што таксама абмяркоўваецца мажлівасць правядзення Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які быў бы добрым стартам парламенцкай кампаніі і ўдзельнікам якога сталі б усе дэмакратычныя кандыдаты напярэдадні рэгістрацыі альбо ўжо зарэгістраваныя.
“Мы разглядаем таксама мажлівасць нейкага супольнага паслання такого Кангрэса, якое ўключае як мінімум падтрымку ўсімі бакамі стандартаў АБСЕ, сумленных і свабодных выбараў”, - сказаў старшыня АГП.
Акрамя таго, Правацэнтрысцкай кааліцыяй адзначаецца ціск, які пачаўся з боку ўладаў на тых патэнцыйных кандыдатаў, у якіх ўжо сёння ёсць шансы атрымаць вялікую падтрымку выбаршчыкаў. Бліжэй да выбараў такі ціск можа ўзмацняцца.
Па падліках кааліцыі амаль 110 акруг падчас гэтай кампаніі будуць закрытыя дэмакратычнымі кандыдатамі. Правацэнтрысты гатовая каля 15 акруг пакінуць сваім палітычным партнёрам і не супернічаць з імі.
Таксама яны заявілі, што няма падставаў казаць, што ў краіне адбудуцца свабодныя і справядлівыя выбары.
“Мы разумеем і адкрыта заяўляем пра відавочную гульню беларускіх уладаў у спектаклі пад назвай “выбары”, - падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.