АБСЕ: Давядзецца высветліць на практыцы, як заявы ЦВК Беларусі будуць ажыццёўленыя
Віцэ-старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ, кіраўнік рабочай групы па Беларусі Кент Харстэд выступіў з заявай у сувязі з намерамі Цэнтрвыбаркама Беларусі прымяніць на найбліжэйшых парламенцкіх выбарах некаторыя рэкамендацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.
"Беларускі ўрад зрабіў пазітыўны захад, пагадзіўшыся рэалізаваць некаторыя з рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, зробленых пасля назірання за апошнімі выбарамі ў краіне. Аднак я шкадую, што даўно наспелыя змены выбарчага заканадаўства не прадбачацца ў найбліжэйшыя месяцы", — цытуе Харстэда прэс-служба ПА АБСЕ.
Паводле яго слоў, "яшчэ давядзецца высветліць на практыцы, якім чынам заявы, зробленыя на самым высокім узроўні выбарчай адміністрацыі, будуць ажыццёўленыя ў святле парламенцкіх выбараў, што маюць адбыцца".
Як паведамлялася раней, на парламенцкіх выбарах ЦВК будзе рэкамендаваць зрабіць больш празрыстымі працэсы фармавання выбаркамаў, падліку галасоў, а таксама разгляду скаргаў. Такое рашэнне прынятае падчас нарады ў Аляксандра Лукашэнкі 27 красавіка.
Большасць прапаноў Цэнтрвыбаркам мае намер уключыць у свае метадычныя рэкамендацыі для членаў выбарчых камісій на парламенцкіх выбарах, але "сёе-тое, магчыма, пойдзе праз пастановы ЦВК", паведаміў БелаПАН сакратар камісіі Мікалай Лазавік. Гаворкі пра змену выбарчага заканадаўства не ідзе.
Нагадаем, у справаздачы назіральнай місіі БДІПЧ паводле вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2015 года адзначалася: "Прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 11 кастрычніка 2015 года, зноў паказалі, што Беларусі яшчэ трэба прайсці значны шлях да выканання абавязацельстваў АБСЕ па дэмакратычных выбарах. Гэта падкрэслівае неабходнасць палітычнай волі для правядзення ўсёабдымнага працэсу рэформаў".
Назіральнікі згадвалі пра некаторае паляпшэнне і "ветлівае стаўленне" уладаў Беларусі да місіі, а таксама адзначалі, што выбарчая кампанія і непасрэдна дзень выбараў праходзілі мірна. Аднак "значныя праблемы, асабліва падчас падліку галасоў і падсумавання вынікаў галасавання, падарвалі сумленнасць выбараў", падкрэслівалася ў справаздачы.
У лютым паводле распараджэння Лукашэнкі была створаная міжведамасная экспертная група па вывучэнні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ. У яе ўвайшлі прадстаўнікі ЦВК, Цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, абедзвюх палат парламента, Мінюста і Мінінфарма.
Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня. Чакаецца, што афіцыйны старт кампаніі будзе дадзены 7 чэрвеня.