Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Міклаш Харасці: “Касметычныя змены на фоне парушэнняў”

Міклаш Харасці, спецдакладчык СПЧ ААН па Беларусі. Фота: un.by
Міклаш Харасці, спецдакладчык СПЧ ААН па Беларусі. Фота: un.by

Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці выказаў сваё стаўленне да праведзеных у краіне парламенцкіх выбараў у адмысловай заяве, апублікаванай на сайце офіса ААН у Жэневе.

“Нягледзячы на пропуск у парламент фармальнай апазіцыянеркі, парламенцкія выбары, якія адбыліся на мінулым тыдні, нічым не адрозніваліся ад усіх папярэдніх кампаній, праведзеных у Беларусі”, - сцвярджае спецыяльны дакладчык ААН.  

Міклаш Харасці падкрэслівае, што знешні спакой, з якім былі праведзены парламенцкія выбары ў Беларусі 11 верасня 2016 года, не мусіць зацямніць фундаментальныя сістэмныя парушэнні. Ён лічыць, што выбары даказалі відавочную адсутнасць палітычнай волі для заахвочвання і абароны правоў чалавека ў Беларусі.

“Я высока ацэньваю адсутнасць гвалту і часткова пашыраныя магчымасці для правядзення мерапрыемстваў кандыдатамі. Я таксама вітаю абранне адной сяброўкі апазіцыйнай партыі і адной незалежнай культурнай дзяячкі пасля двух дзесяцігоддзяў поўнай адсутнасці якой-небудзь апазіцыі ў парламенце.

Тым не менш, права грамадзян на свабодныя і сумленныя выбары па-ранейшаму жорстка парушаецца ў абцугах рэпрэсіўных законаў і інстытутаў, гэтак жа, як і ў час папярэдніх парламенцкіх або прэзідэнцкіх выбараў.

Мне вядома пра факты запалохванняў, падтасовак, маніпуляцый і непразрыстых дзеянняў. Асабліва абуральным з'яўляецца рост фіктыўна заяўленай яўкі падчас непразрыстага датэрміновага галасавання”, — піша спецдакладчык ААН.

Паводле Міклаша Харасці, “нават абранне кандыдаткі ад апазіцыі выявіла цалкам кіраваны характар выбарчага працэсу”.

Эксперт ААН кажа, што абранне прадстаўніцы АГП “зрабіла яе ахвярай цынічнага трука”, паколькі яно было выкарыстана супраць “найбольш заўважнага апазіцыйнага палітыка краіны” Таццяны Караткевіч з руху «Гавары праўду». Харасці кажа, што гэта было зроблена шляхам карэкціроўкі колькасці галасоў за абедзвюх апазіцыйных кандыдатак у выніку “трайнога завышэння яўкі выбаршчыкаў”.

Паводле Харасці, перамога Ганны Канапацкай — гэта манеўр, які мусіць паказаць, што “сістэма дзяржаўнага кантролю за вынікамі выбараў не змянілася, нягледзячы на дапамогу кандыдату ад апазіцыі”.

“Гэты крок таксама накіраваны на тое, каб выклікаць разлад паміж апазіцыйнымі партыямі.

Выклікае шкадаванне, што Беларусь не разглядае магчымасці рэальных зменаў у кірунку роўнага доступу да СМІ, вартай даверу яўкі, сумленнага падліку галасоў і плюралістычнага парламента”, — падсумоўвае сваю пазіцыю сп. Харасці.


Каментары