Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Шклоў: Рыгор Кастусёў патрабуе адмяніць вынікі галасавання на акрузе

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Кандыдат у дэпутаты Рыгор Кастусёў ужо пасля сканчэння галасавання спрабуе падаць скаргу ў акруговую камісію Шклоўскай выбарчай акругі №90, аднак члены камісіі адмаўляюцца яе прымаць.

У скарзе палітык патрабуе ад камісіі адмяніць вынікі галасавання па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 і прызнаць выбары ў гэтай акрузе не адбыўшыміся. Таксама Кастусёў прапануе акруговай камісіі накіраваць справу для расследвання выпадкаў фальсіфікацыі галасавання ў следчыя органы.

Рыгор Кастусёў сцвярджае, што яму стала вядомая інфармацыя аб тым, што падчас выязнога галасавання на даму члены многіх участковых выбарчай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі №90 папросту ажыццяўлялі ўкід выбарчых бюлютэняў у скрыні для галасавання, нават не заязджаючы да многіх выбаршчыкаў. Такія выпадкі асабліва часта адбываліся ў сельскіх населеных пунктах.

У якасці аднаго з прыкладаў Рыгор Кастусёў таксама прыводзіць выпадак на Цяхцінскім участку для галасавання №17 у Бялыніцкім раёне. Па словах Рыгора Кастусёва, яму патэлефанавалі два выбаршчыкі з гэтага ўчастка. Калі выбаршчыкі прыйшлі ў 19-20 на Цяхцінскі выбарчы ўчастак №17, каб паўдзельнічаць у галасаванні, аказалася, што яны ўжо “прагаласавалі”. Супраць іх прозвішчаў у спісах выбаршчыкаў стаялі подпісы. Гэтыя выбаршчыкі, калі спатрэбіцца, гатовыя даць паказанні ў судзе, кажа Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў праінфармаваў аб парушэннях падчас галасавання ў Шклоўскай выбарчай акрузе №90 міжнародных назіральнікаў з АБСЕ.

Таксама кандыдат у дэпутаты плануе звярнуцца ў ЦВК Рэспублікі Беларусь.

22.20.

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 Рыгор Кастусёў пасля доўгіх намаганняў усё ж здолеў дабіцца, каб акруговая камісія прыняла яго скаргу.

Зараз кандыдат у дэпутаты спрабуе датэлефанавацца да Цэнтральнай выбарчай камісіі, каб праінфармаваць яе членаў аб складваючайся ў Шклоўскай выбарчай акрузе №90 сітуацыі, аднак ні адзін з нумароў ЦВК не адказвае.

Рыгор Кастусёў кажа, што ён будзе кансультавацца з праваабаронцамі наконт сваіх далейшых дзеянняў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары