Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Фінальная справаздача па выніках назірання за датэрміновым галасаваннем

Назіранне  ажыццяўляецца актывістамі РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

ВЫСНОВЫ

- Назіранне  за датэрміновым галасаваннем праводзілася  больш чым на 182 УВК, (3% ад 5971 УВК), што з’яўляецца рэпрэзентатыўнай выбаркай і дазваляе ацаніць асноўныя тэндэнцыі правядзення датэрміновага галасавання;

- адрозненне ў дадзеных камісій і назіральнікаў у яўцы выбаршчыкаў у бок павелічэння фіксавалася ва ўсе дні датэрміновага галасавання. Агульная ж розніца паміж дадзенымі па колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, скалала 14 % з УВК, на якіх вялося назіранне. На парламенцкіх выбарах 2012 года такая розніца складала 10,4%;

- на некаторых УВК розніца ў дадзеных камісій і назіральнікаў па яўцы выбаршчыкаў на датэрміновым галасаванні насіла анамальны характар – у два, тры, пяць і нават у дзесяць разоў болей за дадзеныя назіральнікаў;

- па выніках назірання за датэрміновым галасаваннем назіральнікамі кампаніі адзначанае не менш чым на 55% УВК несупадзенне колькасці прагаласаваўшых датэрмінова, прадстаўленых УВК, з дадзенымі назіральнікаў;

- падчас правядзення назірання за датэрміновым галасаваннем назіральнікамі кампаніі былі зафіксаваныя шматлікія факты прымусу грамадзян да ўдзелу ў менавіта датэрміновым галасаванні з боку адміністрацыі прадпрыемстваў і ВНУ (да 18% выбарчых участкаў). Гэта паўтарыла негатыўную практыку папярэдніх выбарчых кампаній;

- практыка правядзення датэрміновага галасавання застаецца адной з сістэмных праблем выбарчага працэсу і стварае шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцый. У сувязі з гэтым рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ў частцы зменаў працэдур датэрміновага галасавання застаюцца актуальнымі.

ПРАВАВАЯ БАЗА

Датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання  пачалося 6 верасня і скончылася 10 верасня 2016 г.

Згодна з арт. 53 ВК выбаршчык, які не мае магчымасці ў дзень выбараў знаходзіцца па месцы свайго знаходжання, мае права не раней чым за пяць дзён да выбараў прыйсці ў памяшканне для галасавання і прагаласаваць. Афіцыйнага падцверджання прычын немагчымасці выбаршчыка прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў не патрабуецца.

Датэрміновае галасаванне не праводзіцца на ўчастках для галасавання ўтвораных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, шпіталях і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, для грамадзян, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту, а таксама для грамадзян, што знаходзяцца ў ЛПП.

Датэрміновае галасаванне адбываецца ў прысутнасці не менш чым двух членаў УВК з 10.00 да 16.00 і з 16 да 19.00.  Для арганізацыі датэрміновага галасавання выкарыстоўваецца асобная скрыня для галасавання, якая апячатваецца ў першы дзень датэрміновага галасавання перад пачаткам галасавання па правілах, устаноўленых ч. 3 арт. 51 ВК, пры апячатванні мае права прысутнічаць назіральнік.

Кожны дзень пасля заканчэння галасавання старшыня камісіі ці ягоны намеснік заклейваюць шчыліну ў выбарчай скрыні для галасавання лістом паперы і распісваюцца на ёй. Ускрыццё шчыліны адбываецца штодзённа перад пачаткам галасавання ў прысутнасці старшыні камісіі ці ягонага намесніка, пры ўскрыцці мае права прысутнічаць назіральнік. Пасля заканчэння кожнага дня галасавання старшыня камісіі ці ягоны намеснік складаюць пратакол, у якім указваюцца колькасць бюлетэняў, атрыманых выбарчай камісіяй, колькасць грамадзян, якія атрымалі выбарчыя бюлетэні (у апошні дзень датэрміновага галасавання –агульную колькасць грамадзян, атрымаўшых бюлетэні), колькасць сапсаваных бюлетэняў і колькасць невыкарыстаных бюлетэняў. Пратакол падпісваецца старшынёй камісіі ці ягоным намеснікам і вывешваецца для ўсеагульнага азнаямлення ў памяшканні для галасавання.

Захаванне скрыні для галасавання забяспечваецца старшынёй камісіі. Пасля закрыцця выбарчага ўчастка адказнасць за ахову выбрачага ўчастку нясуць органы МУС. Памяшканні абсталяваныя ахоўнай сігналізацыяй з вывадам на сігнал трывогі на пульт цэнтральнага назірання падраздзяленняў Дэпартамента аховы МУС, здаюцца пад сігналізацыю. Ні  нормы ВК, ні пастановы ЦВК, не рэгулююць пытанні захавання выбарчых бюлетэняў, спісаў выбаршчыкаў ў перыяды па-за працай УВК. Адзіным дакументам, які рэгулюе гэтыя пытанні з’яўляецца Зборнік метадычных матэрыялаў для УВК па выбарам дэпутатаў палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання, зацверджаных ЦВК, згодна з якім спісы выбаршчыкаў і выбарчыя бюлетэні ў перыяд з 19.00 да 10.00 гадзін і з 14.00 да 16.00 гадзін павінны захоўвацца ў сейфах альбо металічных шафах. Сейф (металічная шафа) штодня па заканчэнні галасавання ў 19.00 апячатваецца старшынёй камісіі ці ягоным намеснікам.

ВЫНІКІ НАЗІРАННЯ ЗА ПЕРЫЯДАМ ДАТЭРМІНОВАГА ГАЛАСАВАННЯ

364 кароткатэрміновыя назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” вялі назіранне  за этапам датэрміновага галасавання на працягу ўсіх пяці дзён на 182 УВК на тэрыторыі ўсёй  краіны і ажыццяўлялі падлік колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні.

Па выніках назірання на ўсіх этапах датэрміновага галасавання эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць адсутнасць якога-небудзь прагрэсу ў параўнанні з папярэднімі выбарчамі кампаніямі. Як і раней, правядзенне датэрміновага галасавання насіла арганізаваны адмінстрацыяй прадпрыемстваў, установаў, ВНУ і мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады, характар. У шэрагу выпадкаў арганізацыя выбаршчыкаў для ўдзелу ў датэрміновым галасаванні спалучалася з элементамі кантролю над іх удзелам у галасаванні і пагрозамі прымянення разнастайных дысцыплінарных санкцый. Гэта з’яўляецца грубым парушэннем канстытуцыйных правоў грамадзян і прынцыпу свабоднага ўдзелу ў выбарах, а таксама не адпавядае міжнародным прынцыпам правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў, замацаваных у дакуменце Капенгагенскай нарады канферэнцыі па чалавечым вымярэнні і Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод – удзельнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Таксама варта адзначыць, што ні адміністрацыі прадпрыемстваў, ні адміністрацыі ВНУ, згодна з дзеючым выбарчым заканадаўствам, не з’яўляюцца арганізатарамі выбараў, адказнымі за іх правядзенне.

Прымус да галасавання і арганізаваны характар датэрміновага галасавання заставаўся адным з асноўных відаў парушэнняў, зафіксаванымі назіральнікамі кампаніі не менш, чым на 18% УВК.

Другім распаўсюджаным відам зафіксаваных парушэнняў з’яўляецца несупадзенне дадзеных назіральнікаў з дадзенымі УВК аб колькасці прыняўшых удзел у галасаванні. Назіральнікі не менш, чым на 55% УВК адзначылі, што сталі сведкамі такіх несупадзенняў па яўцы.

Агульны працэнт разыходжання ў дадзеных за ўсе пяць дзён датэрміновага галасавання склаў 14% у бок завышэння яўкі. Для параўнання: падчас парламенцкіх выбараў 2012 года агульны працэнт завышэння яўкі УВК у параўнанні за дадзенымі назіральнікаў складаў 10,4 % за ўсе пяць дзён датэрміновага галасавання.

 

Таксама назіральнікамі адзначаліся факты ўмяшальніцтва ў працу камісій пабочных асобаў не менш, чым ў 14,44% УВК.

5% назіральнікаў кампаніі сутыкнуліся з перашкодамі ў ажыцяўленні назірання і адмовамі прадстаўнікоў выбарчых камісій у прадстаўленні прадугледжанай дзеючым выбарчым заканадаўствам інфармацыі. Зафіксаваны выпадак безпадстаўнага пазбаўлення акрэдытацыі назіральніка кампаніі Юрыя Бельскага на УВК № 28 АВК № 27 г. Полацка.

Назіральнікам ад грамадзскага аб’яднання  “Рух за свабоду”  на  УВК № 625 Каліноўскай выбарчай акругі № 108 г. Мінска быў зафіксаваны ўкід бюллетэняў у скрыню для датэрміновага галасавання 10 верасня.

Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” канстатуюць, што практыка правядзення датэрміновага галасавання застаецца адной з сістэмных праблемаў выбарчага працэсу і стварае шырокую глебу для разнастайных маніпуляцый і фальсіфікацый. У сувязі з гэтым рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, датычныя зменаў працэдур датэрміновага галасавання, застаюцца актуальнымі і пасля правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары