Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Выніковая справаздача па назіранні за перадвыбарчай агітацыяй

Назіранне ажыццяўляюць актывісты РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»

ВЫСНОВЫ

  • агітацыйная кампанія адбылася ў вызначаны Каляндарным планам тэрмін (з дня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты па 10 верасня 2016 г. уключна); у грамадстве яна была мала заўважнай і не мела вялікага рэзанансу;
  • рашэнні мясцовых органаў улады адносна месцаў, у якіх дазволеныя масавыя агітацыйныя мерапрыемствы і размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў; у большасці рэгіёнаў умовы для агітацыі палепшаныя ў адрозненне ад адпаведных рашэнняў падчас выбараў 2012 і 2015 гг.; у некаторых рэгіёнах захоўваецца негатыўная практыка мінулых кампаній;
  • было зарэгістравана 525 кандыдатаў, з якіх 40 знялі свае кандыдатуры, адносна аднаго з кандыдатаў рашэнне аб рэгістрацыі адменена[1];
  • стварылі свае выбарчыя фонды толькі 322 кадыдаты, што складае 67% ад зарэгістраваных (484)[2];
  • 43% назіральнікаў адзначылі, што мясцовыя органы ўлады прадстаўлялі кандыдатам і іх давераным асобам іншыя, акрамя вызначаных, памяшканні для сустрэч з выбарцамі; 55% назіральнікаў адзначылі, што ўсе кандыдаты ў іх акрузе маглі на роўных умовах сустракацца з выбарцамі ў гэтых памяшканнях; у 13% выбарчых акруг мясцовыя адміністрацыі не дазвалялі асобным кандыдатам праводзіць сустрэчы з выбарцамі ў памяшканнях і ладзіць масавыя мерапрыемствы;
  • не былі забяспечаныя роўныя правы кандыдатаў; лепшыя ўмовы для агітацыі створаныя для кандыдатаў ад улады: на іх карысць актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, былі задзейнічаныя электронныя і друкаваныя СМІ; адзначаныя факты сустрэч праўладных кандыдатаў з выбарцамі ў працоўны час, маніпуляцыі з інфармацыяй аб графіку сустрэч на сайтах мясцовых адміністрацый і іншае;
  • усе кандыдаты мелі магчымасць скарыстацца правам выступу на ТВ і надрукаваць сваю праграму ў дзяржаўных СМІ, аднак некаторыя адмовіліся ад яго; на дзяржаўным тэлебачанні выступілі 416 кандыдатаў (80% ад агульнай колькасці зарэгістраваных кандыдатаў і 85% ад колькасці кандыдатаў, якія працягваюць удзел у выбарах); на дзяржаўным радыё – 380 кандыдатаў (72% ад агульнай колькасці зарэгістраваных і 77% ад тых, што працягваюць удзел у кампаніі)[3]; у тэледэбатах узялі ўдзел 227 кандыдатаў (43% ад агульнай колькасці зарэгістраваных і 46% ад тых, што працягваюць удзел у кампаніі)[4];
  • ёсць выпадкі цэнзуры выступаў і праграм кандыдатаў, перашкодаў у публікацыі агітацыйных матэрыялаў (патрабаванні ўзгадніць, скарэктаваць змест і інш.), хаця дзеючае выбарчае заканадаўства не прадугледжвае патрабавання ўзгаднення тэкстаў выбарчых друкаваных матэрыялаў друкарнямі і не накладае такіх абавязкаў на саміх кандыдатаў; адзначаны факты дыскрэдытацыі апазіцыйных і незалежных кандыдатаў.

[1] Даступна на: https://belarusbank.by/ru/deyatelnost/30809/30810.

[2] Даступна на: http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-Elect18.pdf.

[3] Даступна на: http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-Elect19.pdf.


Каментары