Назіральніцу выкінулі з участку за дзесяць хвілін да закрыцця
Назіральніцу кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” выдалілі з ўчастку за дзесяць хвілін да сканчэння працы камісіі.
Кацярыну Пільнік, якая назірае за галасаванне на 126 участку па Свіслацкай акрузе №94, 10 верасня сябры камісіі ў 18.50 прымусілі выйсці з участку, а самі замкнуліся на ключ. Дзяўчына разам з назіральніцай з суседняга участку №125 Інай Мудрачэнкай дачакаліся, пакуль камісія пакіне пакой, і запатрабавалі, каб ім паведамілі вынікі апошняга дню датэрміновага назірання, а таксама далі зрабіць копію пратакола. Аднак, старшыня камісіі пачала некаму тэлефанаваць, раіцца і сказала, што адчыняць пакой не будзе, бо працоўны час скончыўся, а ключ яна нібыта ўжо аддала міліцыянту.
“Мы сказалі старшыні, што калі яны не хочуць адчыняць участак і паказваць вынікі, значыць попрасту пратакол не вывешаны. Наколькі мы ведаем, за папярэднія дні датэрміновага галасавання сябры камісіі не дабаўлялі колькасць выбаршчыкаў на гэтым участку. Відавочна, сёння яны вырашылі выправіць сітуацыю і дабавіць галасоў. У выніку нам сказалі, калі мы хочам убачыць пратакол – прыходзіць заўтра раніцай”, - кажа Іна Мудрачэнка.
Скаргу назіральніцы не змаглі падаць, бо камісія спаслалася на закрыццё ўчастку і не прыняла яе.
Іна Мудрачэнка адзначае, што на яе ўчастку №125 пратаколы вывешваюць, але колькасць тых, хто прагаласаваў значна падвышаюць. Так, напрыклад, за сёння назіральнікі зафіксавалі 33 выбаршчыкі, а ў пратаколе значыцца – 69 чалавек. А 9 верасня Іна Мудрачэнка з калегай налічылі 119 чалавек за дзень, а сябры камісіі “накінулі” зверху акурат 250 чалавек і атрымалі лічбу 369 выбаршчыкаў.
Дзяўчына кажа, што сёння на ўчастку прысутнічалі назіральнікі ад БДІПЧ АБСЕ і назіральнікі распавялі ім пра ўсё, што адбываецца на ўчастку.