Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Аналітычная справаздача па выніках назірання за чацвёртым днём датэрміновага галасавання

Назіранне ажыццяўляюць РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, 6 верасня 2016 г. пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

364 кароткатэрміновыя назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” вядуць штодзённае назіранне за правядзеннем датэрміновага галасавання  на 182 выбарчых участках па ўсёй тэрыторыі краіны.

Вынікі назірання штодзённа апрацоўваюцца і з’яўляюцца рэпрэзентатыўнымі (назіранне праводзіцца на 3,04 %  ад  5 971  выбарчага участка) і дазваляюць ацаніць асноўныя тэндэнцыі правядзення датэрміновага галасавання. Размешчаная ніжэй інфармацыя была апрацаваная са 182 выбарчых участкаў па стане на 23.00 9 верасня.

Па дадзеных назіральнікаў кампаніі, атрыманых са 182 выбарчых участкаў, колькасць прагаласаваўшых за чацвёрты дзень датэрміновага галасавання склала  18 572 чалавекі, а паводле пратаколаў УВК 21 276 чалавек. Розніца складае 2 704 чалавекі, альбо 12,7%. У 2012 годзе на парламенцкіх выбарах пры назіранні на 150 участках розніца ў чацвёрты дзень датэрміновага галасавання склала 6,5%.

Абсалютна рэкордная розніца паміж дадзенымі УВК і назіральнікаў зафіксаваная 9 верасня ва УВК №9 на акруге №32 ў г.Гомелі, дзе па дадзеных УВК датэрмінова прагаласавалі 584 чалавекі, а па дадзеных назіральнікаў – 106. Там жа, ў Гомелі, ва УВК №1 АВК № 35 па дадзеных УВК прагаласавалі 125 чалавек, па дадзеных назіральнікаў – 56.

Высокая розніца паміж дадзенымі аб яўцы зафіксаваная ў Мінску: ва УВК №91 АВК №93 г.Мінска (115 чалавек па дадзеных УВК і 25 - па дадзеных назіральнікаў), ва УВК №420 АВК №103 г.Мінска (128 і 33 адпаведна); ў Маладэчна ва УВК №10 АВК №72 (183 і 114 адпаведна).

Ва УВК №22 АВК №84 г.Магілева зафіксавана яўка – 236 па дадзеных УВК і 77 чалавек па дадзеных назіральнікаў; ва УВК №11 АВК №84 г.Магілева - 174 і 94 адпаведна.

У Брэсцкай вобласці ва УВК №29 АВК №2 г.Брэста па дадзеных УВК яўка на галасаванне - 249 чалавек, а па дадзеных назіральнікаў – 68. Ва УВК №21 АВК № 5 г.Баранавічы таксама зафіксавана вялікая розніца ў дадзеных (224 і 154 адпаведна), ва УВК №10 той жа акругі - 131 і 46 адпаведна. Ва УВК №8 АВК №6 г.Баранавічы розніца паміж дадзенымі  - 219 і 72, УВК №28 той жа акругі - 141 і 41 адпаведна.

Ва УВК №17 АВК №42 г.Мазыра таксама ёсць вялікая розніца паміж дадзенымі (255 і 155 чалавек адпаведна).

Розніца паміж дадзенымі УВК і назіральнікаў аб яўцы зафіксавана на 54,8% выбарчых участках, на якіх ажыцяўлялася назіранне.

Назіральнікі працягваюць паведамляць аб масавым  прымусе грамадзян да датэрміновага галасавання, як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній.

Праваабаронцы за свабодныя выбары


Каментары