Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Аналітычная справаздача па выніках назірання за трэцім днём датэрміновага галасавання

Назіранне ажыццяўляюць РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, 6 верасня 2016 г. пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

372 кароткатэрміновыя назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” вядуць штодзённае назіранне за правядзеннем датэрміновага галасавання  на 186 выбарчых участках па ўсёй тэрыторыі краіны.

Вынікі назірання штодзённа апрацоўваюцца і з’яўляюцца рэпрэзентатыўнымі (назіранне праводзіцца на 3,1 % ад  5 971  выбарчага участка) і дазваляюць ацаніць асноўныя тэндэнцыі правядзення датэрміновага галасавання. Размешчаная ніжэй інфармацыя была апрацаваная са 186 выбарчых участкаў па стане на 23.00  8 верасня.

 

Па дадзеных назіральнікаў кампаніі, атрыманых са 186 выбарчых участкаў, колькасць прагаласаваўшых за трэці дзень датэрміновага галасавання  склала 16 612 чалавек, а паводле пратаколаў УВК – 18 685 чалавек. Розніца складае 2 073 чалавекі, альбо 11%. У 2012 годзе на парламенцкіх выбарах пры назіранні на 130 участках розніца ў трэці дзень датэрміновага галасавання склала 4,6%.

 

Анамальна вялікае разыходжанне паміж лічбамі ў пратаколах і атрыманымі назіральнікамі было зафіксавана: ва УВК №38 АВК №85, якая цалкам сфармаваная з настаўнікаў гімназіі №2 г.Магілева пад кіраўніцтвам дырэктара гэтай жа гімназіі Ўладзіміра Фешчанкі, дзе прагаласавалі 263 чалавекі па дадзеных УВК і 46 па дадзеных назіральнікаў кампаніі; ва УВК №11 АВК №84 г.Магілева (184 і 81 адпаведна). Стабільна завышаныя лічбы ўсе тры дні датэрміновага галасавання зафіксаваныя на тэрыторыі выбарчай акругі №46 г.Светлагорска:  08.09 ва УВК №17 па дадзеных камісіі прагаласавалі 187 чалавек, а па дадзеных назіральнікаў кампаніі - 55 чалавек, ва УВК № 23 (115 і 50 адпаведна), ва УВК №28 (107 і 62 адпаведна),ва УВК №22 (131 і 68 адпаведна). У Брэсцкай вобласці ва УВК №29 АВК №2 г.Брэста па дадзеных камісіі прагаласавала 157, а па дадзеных назіральнікаў – 45 чалавек, ва УВК №8 АВК №6 г.Баранавічы -  210 і 67 адпаведна. Падобная сітуацыя і ў Гомельскай вобласці: УВК №6 АВК №44 г.Рэчыцы (181 і 61 адпаведна), УВК №9 АВК №32 г.Гомеля (350 па дадзеных УВК і 135 – па дадзеных назіральнікаў). З вельмі высокай розніцай паміж дадзенымі камісіі і яўкай выбаршчыкаў сутыкнуліся і ў Мінску і Мінскай вобласці: ва УВК №420 АВК №103 г.Мінска па дадзеных камісіі  прагаласавала 117 чалавек, а па дадзеных назіральнікаў - 68,  ва УВК №91 АВК №93г.Мінска (165 і  26 адпаведна), ва УВК №402 АВК №103 г.Мінска (127 і 93 адпаведна), ва УВК №21 АВК №68 г.Салігорска (145 і 74 чалавекі адпаведна).

Наогул розніца паміж дадзенымі УВК і назіральнікаў аб яўцы зафіксавана на 50,7% выбарчых участках, на якіх ажыцяўлялася назіранне.

Назіральнікі працягваюць паведамляць аб масавым  арганізаваным галасаванні студэнтаў, вайскоўцаў, служачых МНС, як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній. Таксама шмат у якіх навучальных установах для датэрміновага галасавання выкарыстоўваюць сходы бацькоў навучэнцаў.

Праваабаронцы за свабодныя выбары


Каментары