Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Аналітычная справаздача па выніках назірання за другім днём датэрміновага галасавання

Назіранне ажыццяўляюць РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, 6 верасня 2016 г. пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

378 кароткатэрміновых назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” вядуць штодзённае назіранне за правядзеннем датэрміновага галасавання  на 189 выбарчых участках па ўсёй тэрыторыі краіны.

Вынікі назірання штодзённа апрацоўваюцца і з’яўляюцца рэпрэзентатыўнымі (назіранне праводзіцца на 3,1%  ад  5 971  выбарчых участкаў) і дазваляюць ацаніць асноўныя тэндэнцыі правядзення датэрміновага галасавання. Размешчаная ніжэй інфармацыя была апрацаваная са 189 выбарчых участкаў па стане на 23.00  7 верасня.

Па дадзеных назіральнікаў кампаніі, атрыманых са 189 выбарчых участкаў, колькасць прагаласаваўшых за другі дзень датэрміновага галасавання  склала 12 955 чалавек, а паводле пратаколаў УВК --  14 004 чалавекі. Розніца складае 1 049 чалавекі, альбо 7,5%. У 2012 годзе на парламенцкіх выбарах пры назіранні на 150 участках розніца ў другі дзень датэрміновага галасавання склала 3,2%.

Анамальна вялікае разыходжанне паміж лічбамі ў пратаколах і атрыманымі назіральнікамі было зафіксавана: ва УВК №1 АВК №46 г. Светлагорска (59 па дадзеных УВК і 33 па дадзеных назіральнікаў), ва УВК №21 АВК №68 г. Салігорска (103 і 83 адпаведна), ва УВК №30 АВК №73 г. Маладэчна (175 і 103 адпаведна), ва УВК № 28 АВК №46 (94 і 43 адпаведна), УВК №10 АВК №72 г. Маладэчна (106 і 45 адпаведна), УВК №29 АВК №2 г. Брэста (81 і 31 адпаведна), УВК №11 АВК №84 г. Магілева (198 і 73 адпаведна), УВК №6 АВК №44 г. Рэчыцы (120 і 60 адпаведна), ва УВК №31 АВК №42 г. Мазыра (48 і 23 адпаведна), ва УВК №420 АВК 103 г.Мінска (91 і 73 адпаведна)

Варта адзначыць, што сярод тых УВК, дзе ў першы дзень галасавання была адзначана не самая высокая розніца паміж дадзенымі назіральнікаў і УВК, з'явіліся тыя, што паказалі гэтую анамальную розніцу ў другі дзень датэрміновага галасавання. У той жа час УВК, на якіх назіральнікі кампаніі зафіксавалі самую высокую, анамальную, розніцу ў дадзеных у першы дзень, знізілі сваю актыўнасць у другі дзень галасавання.

Наогул розніца паміж дадзенымі УВК і назіральнікаў аб яўцы зафіксавана на 43,4% выбарчых участках, на якіх ажыцяўлялася назіранне.

Назіральнікі працягваюць паведамляць аб масавым  арганізаваным галасаванні студэнтаў, як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній.

Праваабаронцы за свабодныя выбары


Каментары