Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Аналітычная справаздача па выніках назірання за першым днём датэрміновага галасавання

Назіранне ажыццяўляюць РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, 6 верасня 2016 г. пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

306 кароткатэрміновых назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” вядуць штодзённае назіранне за правядзеннем датэрміновага галасавання  на 153 выбарчых участках па ўсёй тэрыторыі краіны.

Вынікі назірання штодзённа апрацоўваюцца і з’яўляюцца рэпрэзентатыўнымі (назіранне праводзіцца на 2,5 %  ад  5 971  выбарчых участкаў) і дазваляюць ацаніць асноўныя тэндэнцыі правядзення датэрміновага галасавання. Размешчаная ніжэй інфармацыя была апрацаваная са 153 выбарчых участкаў па стане на 23.00 гадзіны 6 верасня.

Па дадзеных назіральнікаў кампаніі, атрыманых са 153 выбарчых участкаў, колькасць прагаласаваўшых за першы дзень датэрміновага галасавання  склала 7695 чалавек, а паводле пратаколаў УВК -- 8359 чалавек. Розніца складае 664 чалавекі, альбо 8%. У 2012 годзе на парламенцкіх выбарах пры назіранні на 150 участках розніца склала 6,7%.

Анамальна вялікае разыходжанне паміж лічбамі ў пратаколах і атрыманымі назіральнікамі было зафіксавана: ва УВК №3 АВК №46 г.Светлагорска (49 па дадзеных УВК і 18 па дадзеных назіральнікаў), ва УВК №11 АВК №84 г. Магілева (217 і 85 адпаведна), ва УВК №17 АВК №52 г. Гродна (77 і 29 адпаведна), ва УВК №122 АВК №94 г. Мінска (105 і 9 адпаведна), ва УВК №401 АВК №103 г. Мінска (80 і 66 адпаведна), ва УВК №420 АВК №103 (56 і 19 адпаведна), ва УВК №8 АВК №6 г. Баранавічы (57 і 30 адпаведна), ва УВК №12 АВК №59 г. Смаргоні (57 і 19 адпаведна).

Наогул, розніца паміж дадзенымі УВК і назіральнікаў аб яўцы зафіксавана на 28,6% выбарчых участках на якіх ажыцяўлялася назіранне.

Назіральнікі паведамляюць аб масавым  арганізаваным галасаванні студэнтаў, як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній.

Праваабаронцы за свабодныя выбары


Каментары