Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Пра трэнінгі для сяброў участковых камісій Случчыны і Салігоршчыны назіральнікаў не праінфармавалі

Слуцкія і салігорскія прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” былі пазбаўленыя магчымасці назіраць за тым, як ідэолагі мясцовых райвыканкамаў вучылі старшыняў і сакратароў участковых камісій “правільна арганізовываць галасаванне і працэдуру падліку галасоў”.

Афіцыйна акрэдытаваных назіральнікаў Случчыны і Салігоршчыны акруговыя выбаркамы і органы мясцовыай улады звычайна загаддзя інфармуюць пра правядзенне ўсіх паседжанняў і мерапрыемстваў, звязаных з правядзеннем парламенцкай выбарчай кампаніі. Аднак пра правядзенне трэнінгаў для старшыняў і сакратароў участковых камісій прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” даведаліся пастфактум са старонак дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

- Да працэсу галасавання і працэдуры падліку галасоў заўсёды было шмат крытычных заўваг з боку незалежных назіральнікаў. Галоўнае патрабаванне - гэтыя працэдуры мусяць быць адкрытымі і празрыстымі. На вялікі жаль, выпадак з трэнінгам не сведчыць пра жаданне ўладаў зрабіць гэты працэс менавіта такім, - кажа салігорскі праваабаронца Леанід Мархотка. - Як сведчыць практыка, менавіта старшыні і сакратары камісій найчасцей маюць непасрэдная дачыненне да фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Правядзенне ідэалагічнымі работнікамі тайком ад незалежных назіральнікаў трэнінгаў для старшыняў і сакратароў камісій з’яўляецца ўскосным сведчаннем таго, што галасы на гэтых выбарах могуць быць падлічаны “як звычайна”.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары