Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Давераная асоба кандыдата Кавалько на пытанне пра сумленныя выбары: “Богу – Богава, Цэзару – цэзарава”

Віктар Свілла.
Віктар Свілла.

   25 жніўня намеснік старшыні Астравецкага райвыканкаму Віктар Свілла – давераная асоба кандыдата у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Адама Кавалько – правёў у Смаргоні сустрэчу з выбаршчыкамі. Яна адбылася у гімназіі. 
   Трэба адзначыць, што сустрэча была праведзена ў несанкцыянаваны час. На выбарчай старонцы сайта Смаргонскага райвыканкама пазначана, што пачатак сустрэчы – а 18-00, але для выбаршчыкаў былі вывешаны аб’явы, у якіх значыўся іншы час - 17-30.  Незалежны назіральнік Алесь Дзергачоў прыйшоў на сустрэчу ў 18-00, але ў гэты час  выступоўца сваю прамову завяршыў і адказваў ужо на пытанні.

   Алесь Дзергачоў задаў пытанне, ці адпавядае рэчаіснасці інфармацыя з ненадрукаванай праграмы Мікалая Уласевіча аб тым, што Адам Кавалько набыў на падстаўных асобаў два аб’екты нерухомасці за сімвалічную плату, але крымінальная справа не была пачата толькі таму, што той знаходзіцца ў кадравым рэестры кіраўніка дзяржавы. Віктар Свілла ў першую чаргу зрабіў задаўшаму пытанне заўвагу за тое, што ён робіць запіс на дыктафон без яго дазволу. На што Алесь Дзергачоў растлумачыў, што выступ даверанай асобы мае публічны характар, а таму ён можа як рабіць запіс, так і фатаграфаваць без дазволу. Што тычыцца адказу на пытанне, то факту набыцця маёмасці ў такім парадку ён не абвяргаў, але падкрэсліў, што вялося следства, праўда, “без выкручвання рук”, каля двух гадоў. Яно складу правапарушэння  не ўстанавіла.

   Выступоўца мімаходзь пакрытыкаваў праграму Уласевіча за тое, што яна змяшчае ўсяго тры пункты, адзін з  якіх – прызнанне будаўніцтва АЭС злачынствам, другіі тычыцца Адама Кавалько, яшчэ адзін – забеспячэння транспамежнай супрацы з суседнімі краінамі. Па меркаванні Віктара Свіллы, транспамежная супраца прынясе толькі шкоду Беларусі. Маўляў, так склалася зараз, што тавары ў Літве таннейшыя, таму ажыццяўленне супрацы прывядзе  да вывазу валюты жыхарамі Беларусі дзеля набыцця танных тавараў. 
   Алесь Дзергачоў задаў таксама пытанне пра тое, ці ёсць у праграме кандыдата пункт аб вяртанні канстытуцыйнага права грамадзян  на кіраванне дзяржавай праз сумленныя і празрыстыя выбары. Ён патлумачыў, што гэтае пытанне ўзнікла ў святле таго факту, што ў Смаргонскім раёне падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі  толькі на 8 выбарчых участках з 40 за кандыдата Таццяну Караткевіч, згодна выніковым пратаколам з участкаў, прагаласавала 1870 выбаршчыкаў, а на стале ў кіраўніка ЦВК Лідзіі  Ярмошынай апынуўся выніковы пратакол, паводле якога па ўсім Смаргонскім раёне за Караткевіч прагаласавала ўсяго 860 выбаршчыкаў. То бок, калі на васьмі ўчастках скрадзена тысяча галасоў, то на сарака ўчастках гэта лічба можа дасягнуць пяці тысячаў. Віктар Свілла адказаў, што такога пункта ў праграме кандыдата няма. Маўляў, з  парушэннямі няхай разбіраюцца ўпаўнаважаныя  органы.  І  расказаў прыпавесць, якая заканчваецца словамі “Богу – Богава, Цэзару – цэзарава”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары