Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Слонім: стаць кандыдатам – адзіная магчымасць выказацца на старонках дзяржвыдання

Перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў у "Слонімскім весніку".
Перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў у "Слонімскім весніку".

Слонімская раённая газета “Слонімскі веснік”( №98) у адным нумары  апублікавала на 4-5 старонках усе перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў у дэпутаты па Слонімскай выбарчай акрузе № 58. Алесь Масюк (БХД) і Іван Шэга (Слонімскае згуртаванне дэмакратычных сіл) свае праграмы прадставілі на беларускай мове, Міхаіл Караткевіч (Справядлівы свет) і Ала Сопікава (праўладны кандыдат) – на рускай.

Праграмы вельмі розныя.  Напрыклад, праграма Алы Сопікавай складаецца ў асноўным з лозунгаў: “Содействовать устойчивому росту экономики”, “Выступать за далейшее совершенствование социальной политики государства”, “Стоять на защите семьи, материнства и детства”, “Внести свой вклад в реализацию государственной молодёжной политики”, “Продолжать работу по совершенствованию национальной системы образования” і г.д.

Іван Шэга – адзіны кандыдат з чатырох у праграме якога запісана: “Мы за вяртанне спрадвечных беларускіх сімвалаў: герба “Пагоня” і Бел-Чырвона-Белага сцяга. Мы выступаем за вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай. Наш першачарговы прыярытэт – барацьба з карупцыяй. З дзяржавамі Еўрасаюза – бязвізавы рэжым…”.

Алесь Масюк у сваёй праграме звярнуў увагу на якасць паслуг ЖКГ і ахову здароўя. Кандыдат прапануе адмену платных паслуг у дзяржаўных установах аховы здароўя, развіццё прыватных медыцынскіх цэнтраў і г.д.

Міхаіл Караткевіч у сваёй праграме прапануе: аднавіць усе льготы чарнобыльцам, павялічыць фінансаванне навукі на 2 %, адукацыі на 8%, медыцыны на 7% ВУП, асобам старэйшым за 60 гадоў, студэнтам і школьнікам зрабіць бясплатны праезд у гарадскім транспарце і г.д.

Дарэчы, калі на старонках “Слонімскага весніка” заўсёды адводзіцца месца для розных выступленняў Сопікавай ці матэрыялаў пра яе, то за пяць апошніх гадоў для Івана Шэгі, Міхаіла Караткевіча і Алеся Масюка прадвыбарчыя праграмы – гэта першыя выступленні на старонках слонімскай раёнкі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары