Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання 15 - 21 жніўня 2016 года

Лагатып кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Лагатып кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Назіранне ажыццяўляюць актывісты РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»

ВЫСНОВЫ

– зарэгістраваныя кандыдаты пачалі свае агітацыйныя кампаніі, але гэты працэс пакуль мала заўважны ў грамадстве; праўладныя прэтэндэнты на дэпутацкі мандат выступаюць перад выбаршчыкамі пераважна на сходах, арганізаваных у памяшканнях, для гэтага выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс саміх кандыдатаў і іх давераных асоб, якія ў большасці з’яўляюцца кіраўнікамі розных узроўняў;

– АВК не заўсёды анансуюць час і месца правядзення сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі;

– адзначаны выпадкі перашкод у публікацыі агітацыйных матэрыялаў апазіцыйных кандыдатаў (патрабаванні ўзгадніць, скарэктаваць змест гэтых матэрыялаў); дзеючае выбарчае заканадаўства не прадугледжвае патрабавання ўзгаднення тэкстаў выбарчых друкаваных матэрыялаў друкарнямі і не накдадае такіх абавязкаў на саміх кандыдатаў;

– пачалася трансляцыя выступаў кандыдатаў па дзяржаўным тэлебачанні і радыё; зафіксаваны асобныя выпадкі адмоваў кандыдатаў скарыстацца сваім правам на выступ па тэлебачанні, таксама ёсць факт забароны паказу выступу аднаго з кандыдатаў у дэпутаты;

– інфармацыя Цэнтральнай камісіі пра абскарджанне не адлюстроўвае рэальную сітуацыю ў сёлетняй выбарчай кампаніі[1], ЦВК зусім не публікуе звесткі па судовых разглядах, усё гэта пярэчыць замацаванаму арт. 13 ВК прынцыпу адкрытасці і галоснасці выбараў;

– станоўчай практыкай з’яўляецца тое, што амаль усе судовыя рашэнні (за выключэннем рашэнняў Віцебскага абласнога суда) змешчаны на сайтах абласных і Мінскага гарадскога суда ў разделах, прысвечаных выбарам;

– паводле кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», шэраг кандыдатаў абскардзілі рашэнні АВК у вышэйстаячыя камісіі і ў суды; з іх на рашэнні АВК па адмове ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты 21 скарга пададзена ў ТВК (1 задаволена); у суды на рашэнні ТВК аб адмове ў задавальненні скаргаў пададзена 16 скаргаў (з іх 3 задаволены; усе станоўчыя рашэнні прыняў Гродзенскі абласны суд)[2]. Такім чынам, у выніку працэдуры абскарджання спіс кандыдатаў у дэпутаты павінен быў павялічыцца на чатыры асобы.

 ___________________________________________

[1] Дадзеныя ЦВК адлюстроўваюць сітуацыю на 20 чэрвеня і тычацца толькі Мінскай гарадской ВК (атрымліваецца, што ўсяго ад пачатку выбарчай кампаніі разгледжана толькі дзве выбарчыя спрэчкі). Даступна на: http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-Elect8.pdf.

[2] Інфармацыя кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» па стане на 20 жніўня.


Каментары