Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Брэст: старшыню акруговай камісіі, якая падчас прэзідэнцкіх выбараў адзінаасобна разгледзела скаргу адносна падлогу бюлетэняў, спрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці

Галіна Янголенка.
Галіна Янголенка.

Актывіст Руха “За Свабоду” Сяргей Вакуленка звярнуўся ў суд Маскоўскага раёна горада Брэста са скаргай на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да Галіны Янголенкі, якая летась узначальвала раённую камісію на прэзідэнцкіх выбарах.

У сваёй заяве Вакуленка просіць прызнаць незаконнай і неабгрунтаванай пастанову аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста ад 5 жніўня 2016 года аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце перавышэння старшынёй Маскоўскай раённай горада Брэста камісіі па выбарах прэзідэнта РБ Галінай Янголенка службовых абавязкаў, а таксама даць належную прававую ацэнку яе дзеянням.

Падставай для звароту спачатку ў міліцыю, а пасля ў суд з’явіліся падзеі мінулай восені, калі Сяргей Вакуленка, які быў назіральнікам на адным з участкаў для галасавання, падаў скаргу наконт працы выбарчай камісіі №76 у раённы выбаркам, што ўзначальвала Янголенка. 

Пазней высветлілася (гэты факт быў пацверджаны матэрыяламі праверкі і не аспрэчваўся самой Галінай Янголенка), што яна аданаасобна разглядала скаргу назіральніка, не папярэдзіўшы іншых сябраў камісіі. Між тым, як вынікае з палажэнняў п.7 ч.1 арт.40 Выбарчага кодэкса РБ, “раённыя, гарадскія (у гарадах абласнога падпарадкавання) камiсii па выбарах Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, па рэферэндуму, па правядзенню галасавання аб адклiканнi дэпутата… разглядаюць заявы і скаргі на рашэнні і дзеянні ніжэйстаячых камісій і прымаюць па iх рашэннi”.

Сяргей Вакуленка ўпэўнены, што такім чынам разгляд скаргі на дзеянні ўчастковай выбарчай камісіі №76, якая з'яўляецца ў адносінах да Маскоўскай раённай г.Брэста выбарчай камісіі ніжэйстаячай, непасрэдна прадугледжаны Выбарчым кодэксам. Пры гэтым палажэнні Выбарчага кодэкса не ўтрымліваюць ніякіх нормаў, якія прадстаўляюць старшыні выбаркаму права ажыццяўляць разгляд скаргаў на рашэнні і дзеянні ніжэйшых выбарчых камісій аднаасобна ад свайго імя або ад імя выбарчай камісіі.

Між тым, пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў Галіну Янголенку падазравалі ў парушэннях заканадаўства, бо выкладзеныя ў заяве аднаго з назіральнікаў факты тады сведчылі пра магчымыя фальсіфікацыі вынікаў галасавання, але заява была разгледжана асабіста Галінай Янголенка, а не выбарчай камісіяй, як калегіяльным органам. Звароты ў Брэсцкую гарадскую і абласную пракуратуры былі безвыніковымі: там адмовілся распачынаць справу наконт парушэнняў выбарачага заканадаўства.

Тады актывіст Руху “За Свабоду” Дзяніс Турчаняк зафіксаваў факты парушэння падчас выбараў, выяўленых у ходзе эксперыменту, які актывісты назвалі “кантрольнае галасаванне”. Падчас датэрміновага галасавання Дзяніс Турчаняк атрымаў бюлетэнь, але замест яго ў выбарчую скрыню кінуў звычайны аркуш паперы. Па словах Турчаняка, тое самае зрабілі яшчэ тры чалавекі (гэтыя людзі перадалі яму свае бюлетэні). У выніку ў Дзяніса Турчаняка аказалася чатыры выбарчых бюлетэні, выдадзеных у ходзе датэрміновага галасавання.

Варта таксама дадаць, што Галіна Янголенка задзейнічана і ў цяперашняй выбарчай кампаніі: яна абрана старшынёй акруговай выбарчай камісіі ў Брэсцкай-Цэнтральнай акрузе №2.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары