Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Крычаў: з 15 273 подпісаў – ніводнага несапраўднага

11 жніўня адбылося пасяджэнне акруговай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83, на якім, у шэрагу іншых, было разгледжана пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

На пасяджэнні прысутнічалі 12 з 13 чальцоў акруговай выбарчай камісіі, прадстаўнік Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Дзяніс Нікіфараў, прэтэндэнты ў кандыдаты Таццяна Марачкава, Таццяна Шамбалава і Людміла Шматава. За ходам пасяджэння назіралі 4 назіральнікі – ад БХК, БРСМ, Беларускага фонду міра і Беларускага саюза жанчын, а таксама журналісты чатырох раённых газет.

Як адзначае назіральнік БХК у акруговай камісіі Сяргей Няроўны, пасяджэнне камісіі працягвалася 55 хвілін. Асноўным пытаннем было пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

Па выніках праверкі дакументаў камісія зарэгістравала кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў старшыню Крычаўскага райсавета Таццяну Марачкаву, галоўнага джзяржаўнага санітарнага ўрача Чэрыкаўскага раёна Людмілу Шматаву і вылучэнку ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Таццяну Шамбалаву.

Па словах Сяргея Няроўнага, яго крыху здзівіла агучаная на пасяджэнні інфармацыя, што падчас праверкі падпісных лістоў за вылучэнне Таццяны Марачкавай акруговая камісія не знайшла ніводнага несапраўднага подпісу. Між тым, за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Таццяны Барысаўны ў акрузе падпісалася аж 15 273 выбаршчыкі.

Акрамя збору подпісаў выбаршчыкаў, без парушэнняў заканадаўства (па меркаванні акруговай камісіі) Таццяна Марачкава была вылучана кандыдатам у дэпутаты ад КПБ і ад працоўнага калектыва ААТ “Крычаўцаменташыфер”. Грамадскія актывісты сцвярджаюць, што было зафіксавана шмат выпадкаў выкарыстання адміністрацыйнага рэсурса пры зборы подпісаў у падтрымку яе вылучэння.

Яшчэ аднаму прэтэндэнту ў кандыдаты, следчаму Магілёўскага межрайаддзела Следчага камітэта Паўлу Зініну, акруговая камісія адмовіла ў рэгістрацыі з-за несапраўдных подпісаў у падпісных лістах. Усяго ініцыятыўная група Паўла Зініна здолела сабраць 1066 подпісаў, аднак значная частка з іх былі прызнана несапраўднымі з-за таго, што дату ў падпісных лістах ставілі самі чальцы ініцыятыўнай групы. Дзіўна, што юрыст-следчы не патлумачыў такіх важкіх нюансаў чальцам сваёй каманды, аднак каментароў самаго Паўла Зініна на гэты конт атрымаць не ўдалося.

На пасяджэнні акруговай камісіі быў таксама зацверджаны ўзор выбарчага бюлютэня і размеркаваны эфірны час на тэлебачанні і радыё паміж кандыдатамі ў дэпутаты. Удзельнічаць у тэледэбатах пагадзіліся Таццяна Марачкава і Таццяна Шамбалава, Людміла Шматава ад гэтай прапановы адмовілася.

Назіральнік БХК адзначае, што яго таксама здзівіў той факт, што пры правядзенні галасавання па зацвярджэнні рашэнняў акруговай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83 разам з чальцамі камісіі сваю руку чамусьці падымаў і прадстаўнік Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Дзяніс Нікіфараў, які да акруговай камісіі не мае ніякага дачынення. “Магчыма, тут проста спрацоўваў умоўны рэфлекс”, - з гумарам кажа Сяргей Няроўны.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары