Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Праваабаронца: “Віцебская міліцыя кепска ведае выбарчае заканадаўства”

Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгі Станкевіч падчас пікета 27 ліпеня 2016 года ў Віцебскую
Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгі Станкевіч падчас пікета 27 ліпеня 2016 года ў Віцебскую

Праваабаронца Павел Левінаў прысутнічаў падчас апытання ў Кастрычніцкім РАУС прэтэндэнтак у кандыдаты Алены Шабуні і Таццяны Севярынец. Намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі віцебскага аблвыканкама Ігар Скарыновіч склаў рапарт пра тое, што гэтыя дзве спадарыні разам з бардам Георгіем Станкевічам зладзілі несанкцыянываны пікет.

Першае, на што звяртае ўвагу праваабаронца – гэта на тое, што пікет насамрэч быў. Але гэта быў пікет па зборы подпісаў, бо ўсе трое – патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты парламента.

“Паводле рапарта Ігара Скарыновіча, супроцьпраўныя дзеянні каля летняга амфітэатра ў Віцебску здзяйсняліся 17 ліпеня. Гэта відавочная няпраўда, бо пікет па зборы подпісаў ладзілі 27-га ліпеня. Участковы інспектар, лейтэнант Сяргей Раманчук сказаў, што гэта выпадковая памылка і чамусьці не наважыўся ўказаць на яе спадару Скарыновічу.  Зараз участковы міліцыянт праводзіць праверку па фактах, выкладзеных у рапарце – пра тое, што Шабуня, Севярынец і Станкевіч спявалі пад гітару песні і віншавалі мінакоў з угодкамі прыняцця дэкларацыі аб незалежнасці Рэспублікі  Беларусь “, - сказаў Павел Левінаў.

У ягонай прысутнасці Алену Шабуню і Таццяну Севярынец не азнаёмілі з пратаколамі аб адміністрацыйным правапарушэнні.  Найверагодней, яны яшчэ не складзеныя. Аднак учора падчас тэлефоннай размовы лейтэнант Сяргей Раманчук сказаў спадару Станкевічу, што мусіць тэрмінова рыхтаваць паперы для перадачы ў суд. І адмовіўся ўзяць у яго тлумачэнні пазней ўчорашняга дня.

Праваабаронца звяртае ўвагу і на тое, што спевы актывістаў здымалі на відэакамеру супрацоўнікі міліцыі, і што пры гэтым прысутнічаў  намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі віцебскага аблвыканкама. Аднак заўвагаў ніхто не рабіў, падкрэслівае Павел Левінаў:

“Міліцыянты мусілі спыніць незаконныя дзеянні, калі яны такое бачылі. Аднак 27 ліпеня ўсё прайшло без эксцэсаў: песні прагучалі, пікетоўцы і супрацоўнікі міліцыі разышліся. Палкоўнік Скарыновіч наўрад ці не ведае, што ў краіне ідзе выбарчая кампанія, што патэнцыйныя кандыдаты збіраюць подпісы за вылучэнне. І тым не менш піша, што ў дзеяннях актывістаў ён бачыць парушэнне часткі 1 артыкула 23.34 адміністрацыйнага заканадаўства. Што тут: няведанне закону або адмыслова пастаўленая задача – каб пакараць людзей, нягледзячы ні на што?”

Павел Левінаў падкрэслівае, што актывісты дзейнічалі ў строгай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам: мелі пры сабе неабходныя дакументы, не займаліся ні заўчаснай агітацыяй, ні подкупам выбаршчыкаў, ладзілі збор подпісаў у месцы, дзе гэта дазволена рабіць. А калі спявалі гімн “Магутны Божа” ці нешта яшчэ, то закон не забараняе спяваць на пікетах па зборы подпісаў, і рэпертуар ні з кім узгадняць не трэба.  Тым не менш, супраць кожнага з трох патэнцыйных кандыдатаў ужо распачата адміністрацыйная справа.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары