Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Браслаўскім і Талачынскім раёнах не сталі вызначаць месцы для візуальнай перадвыбарчай агітацыі

Тады як усе райвыканкамы Віцебшчыны падрыхтавалі канкрэтны пералік аб’ектаў для размяшчэння плакатаў, улётак ды іншай агітацыйнай прадукцыі, у рашэннях Браслаўскага і Талачынскага выканкамаў  утрымліваецца толькі агульныя рэкамендацыі. Са словаў праваабаронцаў, такі падыход мае як станоўчыя, так і адмоўныя бакі.

Паводле гэтых рашэнняў,  агітацыйныя друкаваныя матэрыялы можна размяшчаць у вітрынах крамаў, каля ўваходаў у банкі, установы, прадпрыемствы гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва. А таксама на рэкламных тумбах і дошках аб’яваў. Пераліку канкрэтных месцаў, дзе дазволена размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў, няма – у адрозненне ад іншых рэгіёнаў, прыкладам, Расонскага ці Гарадоцкага.

На думку праваабаронцаў, адсутнасць канкрэтных абмежванняў можа расцэньвацца як станоўча, так і адмоўна: ініцыятыўныя групы кандыдатаў нярэдка скардзяцца на тое, што агітацыйныя матэрыялы знікаюць паводле негалосных распараджэнняў кіраўнікоў некаторых установаў ці арганізацый. І ў выпадку, калі калі ў якасці месца распаўсюду візуальнай інфармацыі пазначаны канкрэтны аб’ект, лягчэй шукаць адказных за захаванасць плакатаў ці ўлётак.

Зрэшты, з інфармацыі на некаторых афіцыйных сайтаў выканкамаў Віцебскай вобласці даведацца пра месцы размяшчэння візуальнай перадвыбарчай агітацыі ўвогуле немагчыма. Так, спасылка з сайта Сенненскага райвыканкама наконт рашэння пра вызначэнне месцаў для візуальнай агітацыі вядзе да зусім іншага дакумента – наконт месцаў, вызначаных для сустрэч з кандыдатамі ў дэпутаты. А спасылка наконт адпаведнага рашэння на афіцыйным сайце Пастаўскага райвыканкама не працуе ўвогуле. Зрэшты, як і пераважная большасць спасылак на інфармацыю аб дзейнасці выканкама і акруговай выбарчай  камісіі на гэтым сайце ў рубрыцы “Выбары”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары