Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Светлагорск: скарга «Справядлівага свету» на неўключэнне ва ўчастковыя камісіі судом не задаволеная

У Светлагорску ніхто з 24 кандыдатур ад партыі левых «Справядлівы свет» не трапіў у склад участковых камісій. Больш таго – кандыдатуры нават не разглядаліся, бо ліст з партыйнымі пратаколамі аб вылучэнне райвыканкам атрымаў позна – 26 ліпеня. 20 ліпеня Гомельская абласная арганізацыя партыі левых «Справядлівы свет» накіравала па пошце пратаколы аб вылучэнні кандыдатаў на ўключэнне ў камісіі ў шэсць выканкамаў Гомельскай вобласці. Пяць выканкамаў 22 ліпеня атрымалі карэспандэнцыю, а шосты – Светлагорскі райвыканкам – не.

26 ліпеня партыйцы пачалі біць трывогу, і толькі тады супрацоўніца выканкаму пайшла на пошту і атрымала карэспандэнцыю, але было позна.

Партыя «Справядлівы свет» 28 ліпеня падала скаргу ў суд з просьбай адмяніць рашэнне выканкаму аб стварэнні ўчастковых камісій у сувязі з тым, што 24 чалавекі не былі дапушчаны да вылучэння. Паседжанні праходзілі два дні – прычым у суботу і нядзелю, 30 і 31 ліпеня.

Аб акалічнасцях распавёў старшыня раённай арганізацыі партыі «Справядлівы свет» Сяргей Дайнека.

Па яго словах, 20 ліпеня ліст быў дасланы ў выканкам, і праз сайт «Белпошты» актывісты праверылі, што 22 ліпеня была «спроба ўручыць карэспандэнцыю». Сапраўды райвыканкам атрымаў паведамленне аб паштовым адпраўленні, і сакратарка пайшла на пошту, каб яго атрымаць, але там была доўгая чарга, і яна вырашыла не стаяць. Пасля 17.00 сакратарка зноў наведала аддзяленне сувязі, і зноў там была чарга, і яна вырашыла не стаяць, і яе начальнік (кіраўнік справамі райвыканкаму) дазволіў ёй гэта – даў такую каманду. 23 і 24 ліпеня сакратарка мела выходныя дні, і таму не хадзіла на пошту. А 25 ліпеня зноў пайшла – і зноў была вялікая чарга, і яна, як сыходзіць з адказу выканкаму «прыняла рашэнне аб немэтазгоднасці далейшага знаходжання ў памяшканні паштовай сувязі, пасля чаго вярнулася на сваё працоўнае месца». «Атрымаў выканкам пратаколы толькі 26 ліпеня, і нам сказалі – прабачце, ужо позна, мы вашы кандыдатуры не разглядалі. Мы спасылаліся ў судзе на заканадаўства і розныя нарматыўныя акты – аб дэбюракратызацыі, аб звароце грамадзян, аб тым, што нельга дапускаць фармалізму, валакіты і так далей, на ўнутраны дакумент выканкаму, што карэспандэнцыю трэба атрымліваць аператыўна, але ўсе марна. У юрыдычных дакументах не прапісаны тэрміны атрымання паштовых адпраўленняў. Выходзіць, можна і тыдзень, і месяц не забіраць з пошты лісты? Ці падыходзіць выбарачна – ад каго забіраць карэспандэнцыю, а ад каго і не?», - адзначае Сяргей Дайнека.

Суддзя Уладзімір Сцяпанаў разгледзеў скаргу «Справядлівага свету», і не задаволіў яе – маўляў, выканкам не вінаваты, што позна атрымаў дакументы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары