Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Ва ўчастковыя камісіі ў Гродне не ўключаны прадстаўнікі дэмакратычных партый

Гродна. Інфармацыйны плакат "Выбары-2016"
Гродна. Інфармацыйны плакат "Выбары-2016"

   У Гродне 27 ліпеня адміністрацыяй Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў сфармаваныя ўсе ўчастковыя камісіі. На паседжанні адміністрацыі Ленінскага раёну, якое доўжылася паўтары гадзіны, утвораны 65 участковых камісій, яны размешчаны на тэрыторыі Гродзенскай-Цэнтральнай акругі №51 і Гродзенскай-Ленінскай акругі №52. Усяго было вылучана 969 чалавек у склад гэтых участковых камісій, увайшло – 782. Аніводны з 21 вылучаных прадстаўнікоў дэмакратычных партый у склад участковых камісій не патрапіў. Па гэтых акругах у склад участковых камісій было вылучана 16 прадстаўнікоў АГП, 4- Партыі БНФ, 1 – БСДП. Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” не вылучала сваіх сябраў. У склад участковых камісій былі ўключаны толькі 3 з 8 вылучаных прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі.

   На тэрыторыі Кастрычніцкага раёну (а гэта Гродзенская-Занёманская выбарчая акруга №49 і Гродзенская-Кастрычніцкая выбарчая акруга №50) утвораны 73 участковыя камісіі. Ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычных партый, якіх не было на паседжанні, таксама не ўключаны ў склад камісій. Туды патрапілі толькі сябры прадзяржаўных грамадскіх арганізацый і КПБ. Ад дэмакратычных сілаў вылучалася 10 чалавек: ад АГП – 7,  Беларускай партыі левых Справядлівы свет – 2, БСДП – 1. Было заяўлена, што дакументы ад вылучэнцаў гэтых партый няправільна аформлены. Усяго па дадзеных акругах вылучалася 1223 чалавекі, у склад камісій уключана 889. У тым ліку ўвайшло 9 чалавек ад КПБ.

   На абодвух паседжаннях называліся толькі прозвішчы рэкамендаваных адміністрацыяй асоб у склад участковых камісій, пасля чаго адбывалася галасаванне за склад канкрэтных камісій. Асноўныя агучаныя крытэры “адбору” былі названыя: досвед працы ў камісіях папярэдніх кампаній па выбарах, камунікабельнасць, сяброўства ў масавых арганізацыях, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.

   Незалежныя назіральнікі адзначаюць, што ніякіх істотных зменаў пры фармаванні ўчастковых камісій не адзначана – яны па-ранейшаму фармуюцца паводле адміністрацыйна-камандавага прынцыпа і цалкам падкантрольныя выканаўчай уладзе.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары