Салігорск: у склад участковых камісій увайшлі людзі “з досведам працы”
У склад участковых выбарчых камісій па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68 увайшлі толькі правераныя кадры, абсалютна большасць з якіх з’яўляліся сябрамі ўчастковых выбаркамаў у мінулых выбарчых кампаніях. Пры гэтым прысутнаму на паседжанні Салігорскага раённага выканаўчага камітэту па фармаванні ўчастковых камісіяў незалежнаму назіральніку Леаніду Мархотку азнаёміцца з дакументамі аб вылучэнні сяброў у іх склад не дазволілі.
У цэлым спадар Мархотка адзначае прагрэс у працэдуры фармавання ўчастковых выбарчых камісій:
- Бадай упершыню за доўгія гады Салігорскі райвыканкам адыйшоў ад практыкі, калі за склад участковых камісій галасавалася без якога-небудзь разгляду кандыдатур літаральна за пяць хвілін, пасля чаго ўсе адразу разыходзіліся. Сёння гэтая працэдура цягнулася амаль пяць гадзін. Удзельнікам паседжання па кожнай кандыдатуры была прадстаўлена кароткая інфармацыя, месца працы, ад каго вылучаецца. Па большасці камісій галасаване адбывалася адразу за ўвесь спіс. Там, дзе была альтэрнатыва, галасавалі паіменна, - кажа праваабаронца. - Зрэшты, казаць пра альтэрнатыву не выпадае. На патрэбныя трыста сорак месцаў прэтэндавала толькі трыста сорак дзевяць чалавек. Усе яны прадстаўнікі праўладных структур кшталту “Белай Русі”, праўладнай федэрацыі прафсаюзаў, арганізацыі ветэранаў, Чырвонага крыжа альбо вылучаліся шляхам збору подпісаў. Апазіцыйныя партыі, іншыя дэмакратычныя структуры ці сілы ў склад участковых камісій па Салігорскай гарадской акрузе сваіх прадстаўнікоў, як выявілася, не накіроўвалі.
Леанід Мархотка звяртае ўвагу на той факт, што, нягледзячы на нейкія спадзяванні аб значным абнаўленні складу участковых выбарчых камісій, у іх зноўку ўвайшлі толькі “правераныя” кадры “з досведам працы”:
-- Падчас прэзентацыі кандыдатур улады вельмі монца акцэнтавалі ўвагу аб наяўнасці ў кожнага досведу працы ў выбаркамах падчас ранейшых выбараў. Аднак ніводныя выбары за апошнія гэтыя гады ў нашай краіне не былі прызнаныя дэмакратычнымі. І больш за ўсё прэтэнзіяў было менавіта да працы ўчастковых камісій і да працэдуры падліку імі галасоў выбаршчыкаў. Таму адсутнасць значнага абнаўлення складу ўчастковых выбаркамаў аніяк не сведчыць пра жаданне ўладаў правесці падлік галасоў празрыста.
Аб праблемах з празрыстасцю выбарчага працэсу сведчыць і адмова намесніка старшыні Салігорскага райвыканкаму па ідэалагічнай працы Мікалая Маскевіча прадставіць для агляду незалежнаму назіральніку пратаколы вылучэння кандыдатур ва ўчаствковыя камісіі партыямі і арганізацыямі, а таксама бланкі з подпісамі грамадзян, якія накіраоўвалі сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы.