Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Баранавічах правацэнтрысты подпісы збіралі супольна (фота)

Агульны пікет па зборы подпісаў правацэнтрысцкіх сіл. Баранавічы
Агульны пікет па зборы подпісаў правацэнтрысцкіх сіл. Баранавічы

На кааператыўным рынку ў Баранавічах адбыўся агульны чатырохгадзінны пікет па збору подпісаў прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі. У пікеце прынялі ўдзел прэтэндэнты ў кандыдаты: Таццяна Малашчанка  – сябра Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі,  Мікалай Чарнавус-малодшы  – сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі  і Юрый Казакевіч – сябра Руху “За свабоду”.

Агульны пікет па зборы подпісаў правацэнтрысцкіх сіл. Баранавічы

З Мінска падтрымаць іх прыехалі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі  Анатоль Лябедзька, першы намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Агульны пікет па зборы подпісаў правацэнтрысцкіх сіл. Баранавічы

Дырэктар рынка Васіль Саўчанка падыйшоў да пікетоўшчыкаў і сказаў, што ён па-за палітыкай і што ён клапоціцца пра камфорт прадпрымальнікаў і што плануе зрабіць для гэтага.

Трэба адзначыць актыўнасць пры зборы подпісаў прэтэндэнтаў у кандыдаты. Мікалай Чарнавус за гадзіну сабраў 37 подпісаў, але ён не стаяў на месцы, а хадзіў па рынку.  Лідэры партый і рухаў вялі размовы з людзьмі. Падчас размоваў людзі казалі, што не вераць ні ўладзе, ні Аляксандру Лукашэнку, ні апазіцыі, а вераць -- Пуціну. Адчуваецца, што беларусы знаходзяцца пад уплывам расійскага тэлебачання.

На думку Юрыя Казакевіча, лепшы кантакт з людзьмі атрымліваецца, калі збіраеш подпісы па кватэрах. За 2 дні яго каманда  сабрала па кватэрах каля 200 подпісаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары