Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Уладзімір Лабковіч: Заява Ярмошынай не юрыдычная, а палітычная

Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч
Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч

Старшыня ЦВК публічна заявіла, што празрыстага падліку галасоў па выніках бягучай парламенцкай кампаніі не будзе, і гэтая заява адлюстроўвае сённяшні падыход уладаў да правядзення выбараў, канстатуе эксперт “Праваабаронцаў за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч.  

Гаворка ідзе пра адказ Лідзіі Ярмошынай на пытанне БелаПАН пра тое, ці будуць падчас парламенцкіх выбараў сябры выбарчых камісій пры падліку галасоў паказваць кожны бюлетэнь назіральнікам:

"Камісіі не будуць падлічваць, паказваючы кожны бюлетэнь. Для гэтага трэба ўносіць змены ў закон, таму што працэдура падліку прапісаная там".

Пры гэтым яна падкрэсліла: рэкамендацыя Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ аб тым, каб назіральнікі маглі кантраляваць падлік галасоў, выкананая.

Каб не быць галаслоўнымі, працытуем адну з асноўных рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, зробленую міжнароднымі экспертамі дзеля ўдасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі: “Павінны быць устаноўленыя дакладныя і празрыстыя працэдуры падліку галасоў, якія павінны выконвацца самым строгім чынам. Варта разгледзець увядзенне абвяшчэння і дэманстрацыі выбару для кожнага бюлетэня. Сумаванне вынікаў і ўнясенне іх у пратаколы павінны ажыццяўляцца адкрыта, каб даць магчымасць значнага назірання”.

“Агульнае патрабаванне – і БДІПЧ АБСЕ, і нашай кампаніі, і апазіцыйных палітычных структураў – было пра тое, каб кожны бюлетэнь дэманстраваўся і каб не толькі назіральнікі, але і сябры камісій маглі ведаць вынік галасавання на выбарчым участку. Бо працэдура, якая ёсць на дадзены момант, закрытая нават для саміх сябраў камісіі – паколькі кожны лічыць свой маленькі стос бюлетэняў і павінен апрыёры давяраць вынікам падліку галасоў у сваіх калегаў. Самае галоўнае, што такая працэдура нават не прадугледжвае выпраўлення памылак”, - нагадвае Уладзімір Лабковіч.    

У прапановах па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” дасылалі ЦВК, побач з дадзенай рэкамендацыяй эксперты кампаніі прапанавалі шлях яе імплементацыі: “… Дадзенае пытанне ўяўляецца магчымым урэгуляваць у дапаможніках для сябраў участковых камісій …, зацверджаных Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Мяркуем, што ўстанаўленне выразнай працэдуры падліку галасоў, пры якой падлік бюлетэняў ажыццяўляўся б адным сябрам выбарчай камісіі і выбар кожнага з выбаршчыкаў па кожным з бюлетэняў паводле зробленай адзнакі можна было б абвяшчаць услых, дэманструючы яе назіральнікам, з тым каб кожны з прысутных пры падліку галасоў (уключаючы сябраў УВК і назіральнікаў) змог бачыць адзнаку, зробленую выбаршчыкам, было б сур'ёзным крокам да бóльшай празрыстасці і надзейнасці падліку галасоў”.

Што на справе зрабіла ЦВК дзеля выканання дадзенай рэкамендацыі нацыянальных і міжнародных назіральнікаў? 

“ЦВК у сваю пастанову ўнесла фармулёўку аб тым, што назіральнікі на выбарчым участку мусяць размяшчацца не за, а перад сталамі для падліку галасоў, - кажа праваабаронца і называе гэты крок “спробай маніпулявання тэрмінам “празрысты падлік галасоў”. - Таму што не мае значэння, дзе назіральнік - на стале, пад сталом, за сталом. Мае значэнне тое, ці можа ён бачыць волевыяўленне грамадзяніна ў кожным выбарчым бюлетэні - за каго з кандыдатаў ці супраць усіх аддадзены голас. Бо пры працэдуры, якая ёсць зараз, назіральніка можна і на стол пасадзіць – усё адно ўбачыць адпаведную адзнаку ў кожным бюлетэні немагчыма. Безумоўна, мы лічым, што рэкамендацыя нацыянальных і міжнародных назіральнікаў цалкам не выкананая”.

Відавочна, гэта пазіцыя сённяшняй улады – не дапусціць празрыстага падліку галасоў, заключае Лабковіч.

Ён кажа, што цікава прасачыць эвалюцыю адказаў старшыні ЦВК на пытанне наконт яе тэзы аб тым, што дэманстрацыя кожнага бюлетэня сябрамі выбаркамаў “не адпавядае заканадаўству”.

“Спачатку, калі нашая кампанія (і падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў) звярталася ў Цэнтрвыбаркам з прапановамі ўрэгуляваць парадак падліку галасоў сваё пастановай, спадарыня Ярмошына адказвала, што яны не могуць гэта ўрэгуляваць, што гэта кампетэнцыя камісіяў і кожная камісія самастойна вырашае, як будзе падлічваць галасы. Зараз жа яна вырашыла ўзмацніць гэтую кволую фармулёўку і спасылаецца на тое, што яна быццам бы супярэчыць артыкулу 55 Выбарчага кодэкса. Але калі мы пачытаем гэты артыкул, то ўбачым, што ён прадугледжвае паслядоўнасць дзеянняў камісіі пры падліку галасоў на ўчастку (напрыклад, тое, што спачатку ўскрываецца скрыня для датэрміновага галасавання, затым – скрыні для галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў і пасля гэтага – скрыні для галасавання на ўчастку ў дзень выбараў). Але ж гэты артыкул ніяк не рэгулюе самую працэдуру падліку галасоў, толькі кажа, што падлік ажыццяўляецца выключна сябрамі камісіі. Дык апошняму ніхто і не пярэчыць. Таму гэтая фармулёўка Ярмошынай не юрыдычная, а палітычная. І, зыходзячы з яе, ужо можна з сумам канстатаваць: у незалежных назіральнікаў, і, мяркую, у міжнародных таксама застанецца вялікі недавер да вынікаў выбараў, якія мы атрымаем 11 верасня”. 

Пры гэтым праваабаронца падкрэслівае, што Беларусь – фактычна адзіная краіна ў нашым рэгіёне, дзе застаецца “таемная, як спецаперацыя”, працэдура падліку галасоў, бо і ў расійскім заканадаўстве, і ў заканадаўстве іншых краінаў Усходняга партнёрства прадугледжаны “нармальныя, празрыстыя працэдуры”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары