Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бялынічы: месцы, забароненыя для правядзення пікетавання для збору подпісаў, тыя ж, што і падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў

Бялыніцкі райвыканкам сваім рашэннем №14-4 ад 17 чэрвеня 2016 года вызначыў месцы, забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў  у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Райвыканкамаўскае рашэнне было апублікавана ў раённай газеце “Зара над Друццю” (№ 48 ад 22 чэрвеня 2016 г.), на афіцыйным сайце Бялыніцкага райвыканкама яно пакуль не з’явілася.

Згодна рашэння, у перыяд з 3 ліпеня па 1 жніўня 2016 г. арганізацыю пікетавання і збор подпісаў за асоб, якія вылучаюцца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты райвыканкам забараніў праводзіць:

 -на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорта, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва;

-на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў і ў будынках мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў і іх структурных падраздзяленняў, суда, пракуратуры, ваеннага камісарыята, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, тэрыторыі арганізацый, забяспечваючых жыццядзейнасць насельніцтва;

-унутры памяшканняў аб’ектаў гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, устаноў культуры.

Аддзелу ўнутраных спраў Бялыніцкага райвыканкама прапісваецца прымаць меры па папярэджанню правядзення збору подпісаў выбаршчыкаў у неадведзеных для гэтых мэтаў месцах. Кантроль за выкананнем райвыканкамаўскага рашэння ўскладзены на намесніка старшыні Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта Ганчука А. А. і старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Дэмакратычныя актывісты з Бялыніч адзначаюць, што за аснову рашэння №14-4 узята рашэнне Бялыніцкага райвыканкама, якое вызначала месцы, забароненыя для правядзення пікетавання пры зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Па іх словах, пэўныя складанасці ў працы ініцыятыўных груп дэмакратычных прэтэндэнтаў ствараюцца з-за забароны збіраць подпісы ўнутры памяшканняў гандлю. Шэраг бялыніцкіх прадпрымальнікаў традыцыйна плануюць увайсці ў склад такіх ініцыятыўных груп, улады гэта выдатна ведаюць, таму і ўводзяць забарону на правядзенне пікетавання ўнутры аб’ектаў гандлю.

Па словах дэмакратычных актывістаў, падчас мінулых выбарчых кампаній чальцы ініцыятыўных груп праўладных кандыдатаў збіралі подпісы ў многіх забароненых адміністрацыйных памяшканнях, раённыя ўлады і супрацоўнікі міліцыі пра гэта выдатна ведалі, аднак ніякіх мер не прымалі.

Бялыніцкі раён уваходзіць у склад Шклоўскай выбарчай акругі №90. Шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў у гэтай выбарчай акрузе збіраецца вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў актывіст кампаніі “Гавары праўду” Пётр Шымбалёў. Аб намеры стварыць ініцыятыўную групу ў падтрымку свайго вылучэння і праводзіць пікеты па збору подпісаў выбаршчыкаў разам з вылучэннем з’ездам Партыі БНФ, заявіў і іншы дэмакратычны прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары