Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Большасць дзяржаўных раённых газет Брэсцкай вобласці пакуль ігнаруюць кампанію па выбарах

Толькі асобныя выданні (у прыватнасці, “Пінскі веснік” і “Кобрынскі веснік”) ужо маюць на сваіх інтэрнэт-старонках адпаведныя рубрыкі, прысвечаныя сёлетняй выбарчай кампаніі.

Адмысловая рубрыка “Выбары” засталася і на інтэрнэт-старонках такіх дзяржаўных газет, як “Голас часу” (Маларыта) і “Сельская праўда” (Жабінка), але апошнія паведамленні ў гэтай рубрыцы тычацца вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, што адбыліся ў 2015 годзе.

Большасць дзяржаўных газет рэгіёна, сярод якіх – “Брестский вестник”, “Навіны Палесся” (Столін), “Полесская правда” (Пінск), “Ляхавіцкі веснік”, “Савецкае Палессе” (Ганцавічы), - пакуль паведамілі выключна аб даце прызначэння парламенцкіх выбараў. Яшчэ некалькі выданняў (напрыклад, “Заря над Бугом” з Брэста, баранавіцкі “Наш край” і бярозаўскі “Маяк”) дадалі да гэтага яшчэ і ўзгадванне пра тэрыторыю выбарчай акругі.

У той жа час на інтэрнэт-старонках газет “Раённыя будні” (Пружаны), “Лунінецкія навіны”, “Навіны Камянеччыны”, “Чырвоная звязда” (Іванава) і “Драгічынскі веснік” дагэтуль няма ніякіх звестак пра тое, што сёлета ў верасні адбудуцца парламенцкія выбары. Затое галоўнай падзеяй для ўсіх без выключэння дзяржаўных выданняў Брэсцкай вобласці зараз з’яўляецца Усебеларускі народны сход.   

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары